У жніўні сярэдні заробак упаў больш як на 10 рублёў

Ілюстрацыйнае фота

У жніўні працаўнікам у Беларусі налічылі ў сярэднім 1117,8 рубля, паводле зьвестак Белстату. Гэта на 10,7 рубля менш, чым у ліпені.

Да ўзроўню «па пяцьсот» даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае больш як 12 гадоў, заробкі падскочылі ў сьнежні 2018 году, але ўпалі ўжо ў студзені. Заробкі, ніжэйшыя за 500 даляраў, адзначаныя і на большасьці прамысловых прадпрыемстваў — ёсьць такія заводы, дзе налічваюць менш за 300.

За апошнія чатыры гады самы вялікі сярэдні заробак беларусы мелі ў сьнежні 2014 году — 623 даляры. Гэта на 76 даляраў вышэй, чым цяпер.

Сярэдні налічаны заробак — ня той, што атрымлівае на рукі сярэднестатыстычны беларус. Гэта сума да выманьня падаткаў і збораў. Яна вылічваецца праз складаньне ўсіх заробкаў і дзяленьне на колькасьць працаўнікоў.

Заробак сярэднестатыстычнага беларуса (адносна якога палова атрымлівае больш, а палова менш) завецца мэдыянным. У лістападзе мінулага году ён быў роўны 751,1 рубля — крыху больш за 350 даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны ў Беларусі зарабляюць на траціну менш за мужчын. ІНФАГРАФІКА