Міністар культуры Францыі Франк Рыстэр заявіў, што ўлады «не апантаныя» ідэяй аднавіць сабор Парыскай Божай Маці за пяць гадоў. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію газэце Le Parisien. Паводле палітыка, пры рэстаўрацыі Нотр-Дама акцэнт будуць рабіць не на хуткасьці, а на якасьці працы.
«Наша мэта — пяць гадоў. Але няма ніякага зваротнага адліку. Прэзыдэнт ніколі не пытаецца, калі пачнуцца работы. На мяне ня ціснуць», — цытуе сайт RFI кіраўніка францускага мінкульту. Ён дадаў, што да аднаўленьня Нотр-Дама рабочыя, верагодна, прыступяць у 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У парыскім Нотр-Даме правялі першую пасьля пажару імшу ў касках. ФАТАФАКТПлян рэстаўрацыі сабора Парыскай Божай Маці, які моцна пацярпеў падчас пажару 15 красавіка, дагэтуль не зацьверджаны. Архітэктары ўжо прадставілі некалькі дзясяткаў праектаў, частка зь якіх прапануе радыкальна зьмяніць выгляд Нотр-Дама, аднак ніводзін зь іх пакуль ня быў прыняты ўладамі.
17 лiпеня францускі парлямэнт ухваліў закон аб рэстаўрацыі згарэлага сабора. Адной з галоўных задач, пастаўленай дакумэнтам, стала аднаўленьне Нотр-Дама да пачатку летніх Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе. Праціўнікі закону заявілі, што так хутка сабор аднавіць не атрымаецца — на думку экспэртаў, рамонт можа заняць да 10-15 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
За суткі на аднаўленьне Notre-Dame сабралі 600 мільёнаў эўра