Дзяржаўны сакратар ЗША ў палітычных пытаньнях Дэйвід Гэйл напярэдадні правёў сустрэчу зь лідэрамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі — праваабаронцамі і апазыцыйнымі палітыкамі.
Рыгор Кастусёў
Як адзначыў у размове са Свабодай старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, ключавой тэмай было захаваньне незалежнасьці ва ўмовах расейскага палітычнага і эканамічнага ціску.
«Нас усьцешыла, што амэрыканцаў, гэтак жа як і нас, хвалюе пытаньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь — гэтая тэма абмяркоўвалася як прыярытэтная, — кажа Кастусёў. — Паколькі Дэйвід Гэйл у Менску як афіцыйная, а не прыватная асоба, гэта значыць, што такая ж пазыцыя ў Вашынгтона. Пры гэтым ён вітаў разьвіцьцё адносін паміж нашымі краінамі, асабліва ў рэчышчы ўзнаўленьня паўнавартаснай дзейнасьці амбасадаў».
Паводле Кастусёва, амэрыканскіх прадстаўнікоў цікавіла, як у Беларусі адбываецца чарговая выбарчая кампанія. Кіраўнік Партыі БНФ расказаў, што, нягледзячы на абяцаньні роўных магчымасьцяў для ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў, па-ранейшаму ідзе ціск на апазыцыйных актывістаў, фіксуюцца напады на перадвыбарчыя пікеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Беларусь і ЗША вернуць амбасадараў, пакуль не зразумелаДэйвід Гэйл адзначыў, што ў часе ягоных перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем гаварылася пра магчымасьць адмены санкцый у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў, аднак пры ўмове, калі ў Беларусі будзе прагрэс з гарантаваньнем правоў і свабодаў. Таму выбарчая кампанія стане пэўным каталізатарам добрай волі вышэйшага кіраўніцтва краіны.
На сустрэчы з Дэйвідам Гэйлам таксама прысутнічалі кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, праваабаронца Алесь Бяляцкі, экс-старшыня Вярхоўнага Савету і былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў ды іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жырыноўскі прапанаваў «ўзьяднаць Расею і Беларусь». Што пішуць у расейскіх СМІ пасьля візыту Дэйвіда Гэйла ў Менск