Суд прызначыў першыя турэмныя тэрміны ўдзельнікам маскоўскага пратэсту

Іван Падкапаеў

Цьвярскі суд Масквы прызначыў тры гады калёніі 25-гадоваму тэхніку Івану Падкапаеву па абвінавачваньні ва ўжываньні гвалту да прадстаўніка ўлады. Паводле абвінавачаньня, Падкапаеў распыліў пярцовы газ у бок супрацоўнікаў Расгвардыі падчас акцыі 27 ліпеня ў цэнтры Масквы.

Падкапаеў правёў восем сутак пад адміністрацыйным арыштам, а пасьля вызваленьня яго затрымалі як падазраванага па «маскоўскаму справе». Згодна з матэрыяламі справы, пасьля затрыманьня ў Падкапаева ў заплечніку знайшлі плякат, нож, адгазьнік, біклагу і малаток. Сам абвінавачваны казаў, што «зьмесціва заплечніка прызначана для гаспадарчых мэтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Маскве: «хапун» безь перакладу зь беларускай

«У мяне не было мэты нанесьці шкоду супрацоўнікам праваахоўных органаў. Так атрымалася, што сярод гэтых супрацоўнікаў былі мае аднагодкі, хлопцы, салдаты тэрміновай службы, якім я таксама калісьці быў. Я шчыра прашу прабачэньні перад імі, проста так атрымалася, што мы апынуліся па розныя бакі. Адзінае, што справакавала мае дзеяньні было тое, што яны ўзялі мэталічную агароджу [і пачалі ціснуць ёй] на людзей, сярод якіх былі жанчыны і пажылыя людзі», — казаў у апошнім слове сам Падкапаеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія паліцыянты пакінулі ў адчыненай кватэры двухгадовую дзяўчынку, затрымаўшы бацьку-журналіста

Той жа суд асудзіў на два гады калёніі 25-гадовага прадпрымальніка Данілу Бегляца. Яго прызналі вінаватым ва ўжываньні гвалту да паліцыянта падчас той самай акцыі 27 ліпеня за допуск незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу. Паводле абвінавачаньня, Бяглец пацягнуў за руку паліцэйскага, які затрымліваў пратэстоўцаў. Падсудны прызнаў віну, справа разглядалася ў адмысловым парадку.

Маці абвінавачанага казала ў судзе: «Ён патрэбен сыну і дзецям вельмі. Сыну два гадкі. Я ўчора ў іх была. Ён увесь час кліча тату. Ён з дзяцінства мне шмат дапамагаў. Я рана засталася без мамы. Ён з малых гадоў усё для мяне рабіў. У мяне сыходзіць здароўе. а ён мая правая рука. ён рос без бацькі, а яго дзеці не павінны расьці бяз бацькі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейца асудзілі на 5 гадоў за твіт пра дзяцей паліцыянтаў