Джонсан прыдумаў, як вывесьці Брытанію з ЭЗ, абмінуўшы парлямэнт

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан каля ўвахода ў дом на Даўнінг-стрыт 10 – афіцыйнай рэзыдэнцыі прэмʼер-міністраў Злучанага Каралеўства

Брытанскі ўрад зьбіраецца папрасіць каралеву прыпыніць працу парлямэнта адразу пасьля выхаду дэпутатаў з адпачынку – гэта павінна дапамагчы краіне выйсьці з Эўразьвязу. Дэпутаты ня змогуць прыняць законы, якія забараняюць выхад з ЭЗ без прыняцьця пагадненьня, – перадае BBC.

Новы прэм'ер-міністар краіны Барыс Джонсан заяўляў, што хацеў бы, каб Брытанія выйшла з ЭЗ з пагадненьнем, але калі яго не атрымаецца дасягнуць, краіна ўсё роўна пакіне Эўразьвяз 31 кастрычніка. Гэтая пазыцыя пераканала апазыцыйных дэпутатаў абʼяднацца, каб заблякаваць выхад.

Але ў выпадку, калі праца парлямэнта будзе прыпыненая, у дэпутатаў будуць усяго некалькі дзён, каб заблякаваць выхад без дамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Борыс Джонсан: ЭЗ не праяўляе жаданьня шукаць кампрамісаў вакол Брэксыту

Прыпыненьне працы парлямэнта стане магчымым дзякуючы пераносу традыцыйнай прамовы каралевы перад дэпутатамі, у якой павінны быць агучаны пляны ўрада на новую сэсію.

Паводле вынікаў рэфэрэндуму 2016 году, Вялікабрытанія яшчэ 29 сакавіка павінна была выйсьці з Эўразьвязу. Тэрмін быў перанесены на кастрычнік з прычыны адсутнасьці згоды паміж дэпутатамі і ва ўрадзе аб умовах выхаду.

Парлямэнт тройчы адпрэчваў прапанаваныя для галасаваньня праекты пагадненьняў з ЭЗ, дасягнутыя папярэднікам Джонсана на пасадзе прэмʼер-міністра, Тэрэзай Мэй. Тры праваленыя галасаваньні прывялі да адстаўкі Мэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп паабяцаў Брытаніі вялікае гандлёвае пагадненьне пасьля Brexit