Расейскага апазыцыянэра пасьля трэцяга арышту зноў затрымалі

Ільля Яшын у паліцэйскім аўтобусе

Расейскі апазыцыйны палітык Ільля Яшын, якога не зарэгістравалі кандыдатам на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу, зноў затрыманы на выхадзе з спэцпрыёмніка ў Маскве, дзе ён адбываў ужо трэці адміністрацыйны арышт. Відэа затрыманьня ён разьмясціў на сваёй старонцы ў Твітэры.

На відэа супрацоўнік паліцыі кажа, што Яшына затрымалі «за заклікі да няўзгодненыя акцыяў 18 і 19 ліпеня» — відавочна, маюцца на ўвазе сходы на Трубнай плошчы ў Маскве ў падтрымку незалежных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу. У адрозьненьне ад акцый пратэсту 27 ліпеня і 3 жніўня, іх ня разганяла паліцыя.

За апошні месяц Яшына ўжо тройчы адпраўлялі пад адміністрацыйны арышт паводле розных абвінавачваньняў, зьвязаных зь няўзгодненымі масавымі акцыямі ў Маскве. Пад арыштам ён знаходзіцца з 29 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве і Пецярбургу адбыліся затрыманьні ўдзельнікаў адзіночных пікетаў за свабодныя выбары. ФОТА

Раней такім жа чынам пасьля адбыцьця арышту адразу ж затрымалі і адправілі пад новы арышт незарэгістраваных кандыдатаў Канстанціна Янкаўскаса і Юлію Галяміну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забярэм у іх айфоны». Амэрыканскі аналітык пра тое, як Беларусі вырвацца з расейскай крымінальнай «Системы»