Мінабароны прызнала «трагедыяй» колькасьць суіцыдаў у войску

Ілюстрацыйнае фота

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў 23 ліпеня на круглым стале на тэму адтэрміновак ад войска згадаў колькасьць суіцыдаў у арміі, перадае БелаПАН.

«У 1995 годзе было 102 загінулых і 42 самагубствы, — казаў Уладзімер Макараў. — Для нас гэта не статыстыка, а трагедыя. Як і трагедыя тое, што ў апошнія гады — тры-пяць суіцыдаў на год».

Пры тым ён адзначыў, што імавернасьць гібелі па-за войскам вышэйшая, чым у час службы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Службу ў войску могуць уключыць у пэнсійны стаж ужо сёлета, — Мінабароны

На крытыку з боку журналістаў таго, як неапэратыўна Міністэрства абароны паведамляе пра здарэньні ва Ўзброеных сілах (зьвесткі найчасьцей зьяўляюцца спачатку на неафіцыйных крыніцах), ён адказаў крытыкай Telegram-каналаў і сайтаў, якія распаўсюджваюць гэтыя зьвесткі:

«Эпоха постпраўды — сёньня аргумэнты замяняюцца эмоцыямі. Ёсьць інфармацыйныя рэсурсы, якія выконваюць замову, якім за то плацяць грошы, — заявіў Макараў. — Ёсьць сацыяльная адказнасьць пры паведамленьні пра суіцыд. Адназначна ваеннае ведамства апэратыўна інфармуе грамадзкасьць. Называць прычыны, нешта падрабязна распавядаць — гэта будзе верхам подласьці адносна гэтых людзей і іх сваякоў».

Кансультант галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генэральнага штабу ўзброеных сілаў Андрэй Мурашоў згадаў у гэтым кантэксьце справу Коржыча: маўляў, «на тым жа паверсе, дзе служыў шараговец Коржыч, ёсьць іншае падразьдзяленьне, дзе расьсьледаваньнем не выяўлены ніводзін выпадку нестатутных узаемаадносінаў», але СМІ «паднялі ажыятаж» і «зрабілі поўны арэол на ўсе Печы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога ня чуў, нічога ня ведаў». Што пра дзедаўшчыну ў Печах кажуць афіцэры

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей