«Ты сабе не даруеш». Бабуля «здала» непаўналетняга ўнука міліцыі і чакае яго з калёніі

4 гады таму Марыя Кашляк пайшла ў міліцыю і папрасіла прыгледзецца да паводзінаў 16-гадовага ўнука. Празь некалькі дзён яго забралі і асудзілі на 9 гадоў.

Цяпер Марыя чакае Дзьмітрыя дахаты. Той сірата. У яго няма прапіскі і беларускага пашпарта. Калі ўнука пасадзілі, Марыю пазбавілі апякунства, якое яна аформіла пасьля трагічнай гібелі ягонай маці — сваёй дачкі.

«Вось бы праверыць тады ягоныя кішэні!»

Марыя згадвае той дзень, калі Дзіма сышоў з дому пагуляць і дагэтуль не вярнуўся. На парозе яна спытала, куды сабраўся, а ён адказаў «Пагуляць» і адвёў вочы.​

«Я нешта западозрыла. Мне б тады праверыць ягоныя кішэні. Бо ён сапраўды ішоў прадаваць наркотыкі, у кішэнях было падрыхтавана 5 пакуначкаў. Раней правярала, але безь яго. А пры ім не адважылася», — ня можа дараваць сабе Марыя.

Тады ж у падʼезьдзе ён сустрэў хлопцаў, зь якімі дамовіўся пра наркотыкі, аднаму пасьпеў перадаць пакуначак. Аказалася, за імі ўжо сачылі. Суд быў праз чатыры месяцы, Дзіму далі 9 гадоў па 3 частцы 328 артыкулу — за распаўсюд наркатычных рэчываў у складзе групы.

Марыя лічыць, што гэта яна «здала ўнука». За некалькі дзён да арышту Дзімы хадзіла ў міліцыю, каб параіцца і папрасіць дапамогі.

«Прыходжу з працы, а ў Дзімавым пакоі пустыя бутэлькі з-пад колы, пакункі ад чыпсаў, 30 рублёў на стале. Пытаюся, што гэта — кажа, „сябры прыходзілі“. Адкуль грошы? — „Пазычыў“. Адчуваючы нядобрае, пайшла ў міліцыю, усё расказала, прасіла прыгледзецца, паўплываць. А празь некалькі дзён яго забралі».

Унук ёй дараваў. Ці зрабіў выгляд, што дараваў

«Сказаў, каб супакоілася, яго нібыта нейкі хлопец здаў. Але ён цяпер зусім інакш на гэта глядзіць. Кажа, добра, што яго тады забралі, магло б быць горш. А я гэтак ня думаю. Бо чаму зь ім прафіляктычна не пагаварылі, не патлумачылі, што гэтага нельга рабіць? Непаўналетні, сірата — але ўпяклі на 9 гадоў за тое, што прадаў усяго адзін пакуначак».

«Калі чалавека пасадзяць, ты сама сабе не даруеш»

Маці Дзімы звалі Алесяй. «Мроіла пра Беларусь і таму падабрала дачцэ такое імя, як у кнігах пра далёкую радзіму», — кажа Марыя.

За 8 месяцаў да арышту Дзіма застаўся сіратой. У студзені 2015 году Алесю Кашляк на трасе М-1 непадалёк ад Барысава зьбіў аўтамабіль.

«У нас там дзедаў дом застаўся. Як мы прыехалі з Сахаліну і засяліліся сюды, той дом выкарыстоўвалі як лецішча. Трымала там гаспадарку, курэй ды трусоў гадавала. А гэта непадалёк ад трасы. Дачка пераходзіла дарогу. Не ў належным месцы, але там часта ходзяць. Кіроўца ехаў з боку Воршы. Шэсьць вечара, цёмна. Якая там хуткасьць у яго была, можна толькі меркаваць. Казаў, што спрабаваў ухіліцца, узяў убок, але яна якраз туды і бегла. Зьбіў на сьмерць. Той мужчына меў добрую пасаду ў Барысаве, можа, гэта паўплывала — ня ведаю. Толькі суду не было, сьледчыя вырашылі, што ён невінаваты».

Марыя некалькі разоў хадзіла ў пракуратуру.

«Як так: унука адправілі на 9 гадоў за наркотык, якога ніхто ня ўжыў, а тут чалавека пазбавілі жыцьця — і нічога?» У пракуратуры ёй сказалі, што можа цягам 5 гадоў дамагацца завядзеньня крымінальнай справы. Калі Марыя паехала да ўнука на чарговае спатканьне, параілася, што рабіць далей.

«Дзіма сказаў: калі чалавека пасадзяць, ты сама сабе не даруеш. І я супакоілася, даравала».

«Ты думаеш, мне ня хочацца плакаць?»

Пасьля сьмерці маці Дзіма жыў з бабуляй, паступіў у каледж, вучыўся сярэдне. Затое захапляўся музыкай, пісаў вершы, марыў стаць артыстам. А яшчэ займаўся тайскім боксам. Бабуля мяркуе, што гэта і зьбіла яго з тропу.

«Ён у судзе ўсё прызнаў і патлумачыў, што вырашыў сам зарабіць на красоўкі і форму для боксу. І мне раней казаў, што сам будзе вырашаць свае праблемы», — кажа яна. Тады Марыя не надала гэтым словам асаблівага значэньня, а цяпер шкадуе.

«Канечне, яму не хапала ўсяго, што ёсьць у іншых. Але што я магла зрабіць — у мяне толькі пэнсія. А яшчэ яму не хапала маці. Неяк, калі я плакала па дачцэ, ён сказаў: „Ты думаеш, мне ня хочацца плакаць? Я б усё зрабіў, каб мама вярнулася...“»

Наступны раз сьлёзы на твары ўнука Марыя ўбачыла пасьля прысуду, калі ўсе пачулі, што яму далі 9 гадоў.

«Працую прыбіральшчыцай. Усім задаволеная»

На працу Марыя прыходзіць а 7-й раніцы, хоць яе працоўны дзень пачынаецца а 8-й. Мяце, прыбірае, чысьціць, калі зіма, ад сьнегу і лёду дарожкі вакол інтэрнату. Кажа, што на працы няма ніякіх праблемаў, людзі зь ёй працуюць добрыя і зычлівыя.

Паводле адукацыі Марыя Кашляк пэдагог, настаўніца расейскай мовы і літаратуры. Яна нарадзілася ў Беларусі, але большасьць жыцьця пражыла і адпрацавала на Сахаліне, куды бацькі прыехалі па камсамольскім наборы на пачатку 1950-х. Атрымлівае пэнсію ў 450 рублёў, і хоць 10% у яе адлічваюць, бо зноў пачала працаваць, усё роўна сваёй пэнсіяй ганарыцца.

«А ў Барысаве гэта во якія грошы! Тут мала хто столькі зарабляе». Калі б не сытуацыя з унукам, Марыя не пайшла б на працу, але мусіла шукаць нешта яшчэ да пэнсіі. Магла працаваць выхавацелем у інтэрнаце, аднак сама адмовілася. «Пакуль мой Дзіма за кратамі, мне зь іншымі дзецьмі цяжка. Хоць усяго за 280 рублёў працую, але гэта лепей».

Пра жыцьцё ў Барысаве і гараджан кажа з насьцярогай.

«Раней, як сюды прыехалі, тут людзі былі іншыя. Адкрытыя, гатовыя дапамагаць. Цяпер кожны ўсё больш у сваім катле варыцца, перасталі хадзіць у госьці, цікавіцца праблемамі іншых. Хоць я люблю Беларусь, гэта мая радзіма, але як Дзіма выйдзе на волю, хутчэй за ўсё, мы адсюль зьедзем».

«Адсыпаў сабе пару жменяў цукру. Дык знайшлі і пакаралі»

Ад кароткатэрміновых спатканьняў з унукам Марыя адмовілася. Не па сілах, дый грошай ня хопіць гэтак часта езьдзіць у Бабруйск.

«Праз кожныя два месяцы езджу на доўгатэрміновыя спатканьні, — кажа яна. — Хоць якія яны доўгатэрміновыя? Дзень і ноч, больш не даюць. Тым, хто па артыкуле 328, за наркотыкі, увялі такое дзікае абмежаваньне. Нават дзецям! Вось Дзіма праз пару гадзін пасьля спатканьня піша ў лісьце, што шчасьлівы. Дык яму ўжо 20 гадоў, а ён яшчэ радуецца, як дзіця. А што казаць пра тых, каму 16, а там і такія ёсьць. І ім таксама доўгатэрміновае спатканьне — суткі».

Марыя пералічвае рэчы і харчы, якія рэгулярна возіць унуку ў калёнію. У доўгім сьпісе ёсьць пахучае мыла, шкарпэткі («каб хадзіў у чыстых, бо там брудных свае ж ня любяць») і пакунак халвы.

«Кормяць там добра, на сталах нават застаецца, але мала салодкага, цукерак не даюць. Вось халвой ратуецца. Аднойчы разгружаў цукар, дык адсыпаў сабе пару жменяў. Знайшлі і пакаралі. Яшчэ было толькі адно пакараньне — за сварку з асуджаным».

«Яны там усе баяцца, але выгляду не паказваюць»

У калёніі Дзіма атрымаў прафэсіі сталяра і сьлесара. «Кажа, што баіцца выхаду на волю, — распавядае пра ўнука Марыя. — Баіцца, ці возьмуць куды працаваць, ці паступіць на вучобу. Хавае гэта ад іншых, нікому ня скардзіцца, а ў душы баіцца. Яны там усе баяцца, але выгляду не паказваюць».

За 4 гады Марыя дзясяткі разоў наведвала калёнію, нават каштавала ежу ў мясцовай сталоўцы. Больш-менш ведае пра тамтэйшыя парадкі. У тым ліку пра тое, што вязьні, каму за 18 гадоў, імкнуцца адтуль на дарослую зону, бо «малалетка» зь яе штохвілінным кантролем, як у піянэрлягеры, іх напружвае. Даходзіць да таго, што адмыслова робяць парушэньні, каб перавялі ў дарослую калёнію.

Кажа, чула ад унука, што «ледзь выжылі» ў Жодзінскім сьледчым ізалятары. А вось пра тое, каб каго зь вязьняў бабруйскай «малалеткі» зьбівалі, ня ведае. Прыніжаюць, зьдзекуюцца — так. Але і чалавечай удзячнасьці да супрацоўнікаў калёніі ў яе набралася шмат.

«Там працуе досыць сапраўды добрых людзей: выхавацелі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў. Даводзілася кнігу скаргаў і прапаноў браць у рукі, але пакідала ня скаргі, а словы ўдзячнасьці гэтым супрацоўнікам. Ад шчырага сэрца», — кажа Марыя.

Пазбавілі апекуна, віду на жыхарства, прапіскі

Як толькі Дзіму асудзілі, Марыю пазбавілі апякунскіх правоў і прымусілі вярнуць грашовую дапамогу, якую пасьля арышту яна пасьпела атрымаць на яго як на сірату. «Бо ўсё, яго ўзяла на ўтрыманьне дзяржава».

Таксама хлопца пазбавілі віду на жыхарства і прапіскі. «Застаўся замежнікам, расейцам. Ён таксама вельмі любіць Беларусь, за нешта любіць наш Барысаў, але — што яму тут рабіць?»

Марыя мяркуе, што калі яе ўнук пасьля вызваленьня застанецца ў Барысаве, ён згубіцца. «Тут жа ў двары якое асяродзьдзе? Дарослыя амаль усе пʼюць, моладзь — альбо пʼюць, альбо кураць траўку. Адмыслова правярала: траўку дастаць зусім не праблема».

Яна далучалася да некаторых акцый руху «Маці 328», які дамагаецца лібэралізацыі антынаркатычных законаў. Цяпер яе больш за ўсё турбуе амністыя для непаўнагадовых, асуджаных за наркотыкі. «Суд ня даў ім шанцу на выпраўленьне на волі, дык можа амністыя дасьць? Мы просім: адпусьціце ўсіх».

Дзіму сядзець яшчэ 5 гадоў і нават калі да яго ўжывуць амністыю ды скінуць два гады, разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ён ня зможа — бо грамадзянін Расеі. Гэтак ёй сказалі ў калёніі ўжо пасьля таго, як быў падпісаны закон аб амністыі.

«Адзінае, на што можа разьлічваць — на замену рэжыму. Сказалі, будуць падаваць дакумэнты, але ці атрымаецца — невядома. Ўвогуле сказалі, што з усяго атраду адразу выйдуць па амністыі на волю толькі чалавек 5, а іх там больш за 50».

На Беларусь, у якой загінула дачка і ўнук сядзіць у турме, Марыя не крыўдуе.

«Ведаеце, вось цяпер зноў загаварылі пра інтэграцыю, пра адзіную дзяржаву Расеі і Беларусі. Я хоць і пражыла ў Расеі лепшыя свае гады, маладосьць, і па-беларуску ўжо ня ўсё разумею, але я за тое, каб Беларусь заставалася незалежнай. Каб мы жылі ў сваім доме. І яшчэ я за тое, каб у Беларусі мяняліся прэзыдэнты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Споведзь беларускі, якая 7 год правяла ў калёніі за наркотыкі і зьнялася ў кіно

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела быць чэмпіёнкай у боксе». Як 17-гадовая магіляўчанка атрымала 8 гадоў «за наркотыкі»