Не FaceApp. Як Лукашэнка зьмяніўся за 25 гадоў — па фота на год

1994 год. Перадвыбарчы плякат Аляксандра Лукашэнкі, «афіцыйнасьць» якога выклікае пытаньні: каманда Лукашэнкі сьцьвярджала, што гэткіх плякатаў не вырабляла. Але сапраўднасьць фота не абвяргалася

1995 год. Лукашэнка некалькі разоў сустракаецца з тагачасным прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. З наступнымі прэзыдэнтамі ЗША афіцыйных сустрэчаў ня будзе, за выключэньнем прыёму ў ААН ад імя Барака Абамы ў 2015 годзе

1996 год. Лукашэнка выступае перад парлямэнтам — Вярхоўным Саветам, які ён неўзабаве гвалтоўна разгоніць і заменіць на цалкам ляяльны яму Нацыянальны Сход

1997 год. Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. На перамовах закладаецца аснова інтэграцыі дзяржаў — таго, што пазьней назавуць «саюзнай дзяржавай». Існуе распаўсюджаная думка, што Лукашэнка хацеў стаць кіраўніком аб’яднанай дзяржавы

1998 год. Лукашэнка на зімніх Алімпійскіх гульнях у Японіі. Насуперак правілам Міжнароднага алімпійскага камітэту, ён адначасова прэзыдэнт і дзяржавы, і Нацыянальнага алімпійскага камітэту. У гэтым годзе заходнія краіны ўпершыню ўвядуць супраць яго санкцыі

1999 год. Лукашэнка ў Маскве, дамова аб «саюзнай дзяржаве» вось-вось будзе падпісаная, Ельцын у Расеі непапулярны, а Лукашэнку, нягледзячы на палітычныя і эканамічныя крызісы ў Беларусі, большасьць расейскага насельніцтва сымпатызуе

2000 год. Лукашэнка на першых выбарах у Палату прадстаўнікоў — да таго ніжнюю палату ён прызначыў сам, што не надавала легітымнасьці «замене парлямэнту». Дый гэтыя выбары на Захадзе не прызналі свабоднымі і дэмакратычнымі — як і ўсе наступныя ў Беларусі

2001 год. Лукашэнка перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах. Апазыцыянэры Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір ня трапілі ў бюлетэні, апанэнты Юры Захаранка і Віктар Ганчар «зьніклі» (меркавана, былі забітыя) яшчэ два гады таму, адзіным кандыдатам ад апазыцыі стаў Уладзімер Ганчарык

2002 год. Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным — значна больш папулярным за свайго папярэдніка Ельцына. Праект «саюзнай дзяржавы» тармозіцца, адзіная валюта так і не зьяўляецца

2003 год. Пуцін, Лукашэнка, кіраўнікі Ўкраіны і Казахстану Віктар Кучма і Нурсултан Назарбаеў у Маскве. Лукашэнка ўсё менш кантактуе з краінамі Захаду, усё больш — з былым СССР

2004 год. Лукашэнка на тэнісным матчы — чвэрцьфінале Кубку Дэвіса ў Менску. На тэніс любіць глядзець, але часьцей гуляе ў хакей

2005 год. Лукашэнка ў Лібане. Пасьля рэфэрэндуму 2004 году, на якім было зьнятае абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, стасункі з Захадам псуюцца, але наймацнейшыя санкцыі будуць годам пазьней

2006 год. Лукашэнка выступае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на трэці тэрмін і разгону «Плошчы» — масавай шматдзённай акцыі пратэсту ў цэнтры Менску

2007 год. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным — адным зь нешматлікіх саюзьнікаў, якія ў яго засталіся

2008 год. Пасьля парлямэнцкіх выбараў, не прызнаных Захадам, Лукашэнка кажа пра спадзевы на паляпшэньне стасункаў з Эўразьвязам. У гэтым годзе ў Беларусі ўпершыню з канца 1990-х ударыць моцны фінансавы крызіс

2009 год. Лукашэнка і папа Рымскі — пасьля агрэсіі Расеі супраць Грузіі краіны Захаду спрабуюць палепшыць стасункі зь Беларусьсю, і запрашэньне Лукашэнкі ў Ватыкан разглядаюць як крок да гэтага

2010 год. Лукашэнка і ягоны «найлепшы сябар» Уга Чавэс, прэзыдэнт Вэнэсуэлы

2011 год. Лукашэнка прысягае пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах і чарговага брутальнага разгону пратэстаў апазыцыі

2012 год. Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў, які дабывае апошні год прэзыдэнцтва перад вяртаньнем Пуціна на пасаду

2013 год. Лукашэнка з сынам Мікалаем на парадзе на 3 ліпеня. Малодшы сын зьявіўся ў публічным полі ў 2008 годзе, паступова стаў пастаянным публічным спадарожнікам свайго бацькі. Хто маці Мікалая, афіцыйна не абвяшчалася, але распаўсюджана думка, што гэта былая асабістая доктарка Лукашэнкі Ірына Абельская

2014 год. Лукашэнка ладзіць у Менску перамовы Пуціна зь Пятром Парашэнкам — нядаўна абраным прэзыдэнтам Украіны ў разгар расейскай агрэсіі на Данбасе і ў Крыме. З таго часу ў Менску рэгулярна будуць праходзіць перамовы пра мір на Данбасе, але сам мір за пяць гадоў перамоваў так і не наступіць

2015 год. Лукашэнка выступае з трыбуны ААН у Нью-Ёрку — першая за доўгі час паездка ў ЗША не суправаджаецца сустрэчай са значнымі палітыкамі Штатаў, пад санкцыямі якіх яшчэ месяц будзе заставацца і сам Лукашэнка, і ягонае атачэньне

2016 год. Лукашэнка і ягоны новы важны сябра і саюзьнік — кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін

2017 год. Лукашэнка на расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», якія суседнія дзяржавы лічылі сур’ёзнай пагрозай сувэрэнітэту Беларусі і Ўкраіны

2018 год. Лукашэнка наведвае чарговы баль у Палацы незалежнасьці. Пра ягоную жонку Галіну Лукашэнку згадваюць усё радзей, яна даўно жыве асобна

2019 год. Лукашэнка на закрыцьці Эўрапейскіх гульняў