5 фактаў пра Валаам, дзе Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным

Валаам

17 ліпеня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка наведаюць Валаамскі мужчынскі манастыр. Свабода паглядзела, што гэта за месца.

У мінулым — паганскі ахвярнік

Валаам — востраў на 27 квадратных кілямэтраў у Ладаскім возеры. Гэта за 162 кілямэтры ад Санкт-Пецярбургу, калі напрасткі, або 330 кілямэтраў па аўтадарогах. Назва зь фінскай мовы перакладаецца як «высокая зямля».

Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ

Згодна зь легендай, у часы, калі востраў насялілі фіна-вугры, там быў вялізарны паганскі ахвярнік. Дакладнай даты заснаваньня манастыра на Валааме ў гісторыкаў няма. Па адных зьвестках, ён там узьнік у X–XII стагодзьдзі, па іншых — у XII–XIV.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пра «саюзную дзяржаву» прызначылі на 18 ліпеня

У розныя часы належаў швэдам, фінам

У 1611 годзе падчас вайны з Масковіяй швэды акупавалі Валаам. Тут пасяліліся швэдзкія каляністы. Амаль стагодзьдзе выспа заставалася пад уладай Швэцыі.

Пасьля 1917 году Валаам адышоў да Фінляндыі, а манастыр — пад юрысдыкцыю фінскай праваслаўнай царквы, якая тады стала аўтаномнай ад Расеі і падпарадкоўвалася непасрэдна Канстантынопалю.

Зноў расейскім Валаам стаў толькі ў 1940 годзе, пасьля савецка-фінскай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, што будзе маліцца з Пуціным на Валааме

На Валааме ёсьць фэрма, якую пабудавалі фіны

У 1882 годзе на Валааме збудавалі мэханізаваную фэрму на 70 галоў жывёлы. Кароўнік, мадэрновы для таго часу, меў асобныя сэкцыі для кожнай жывёліны. Да фэрмы ішла рэйкавая дарога з пад’ёмным кранам, па ёй вывозілі ў порт малочныя прадукты і дастаўлялі корм для жывёлаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін параўнаў цела Леніна з мошчамі сьвятых

Вырошчваюць кавуны, дыні

Нягледзячы на сярэдняліпеньскую тэмпэратуру ў +17 градусаў, у XIX стагодзьдзі на Валааме вырошчвалі дыні і кавуны. Вядома, у цяпліцах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: праект аб’яднаньня зь Беларусьсю для Крамля ўжо неактуальны

За савецкім часам на Валааме быў рыбпрамкамбінат

Пасьля 1940 году, калі Валаам стаў часткай СССР, тут дзейнічалі школа боцманаў і юнгаў, дом інвалідаў і рыбпрамкамбінат.

Дом інвалідаў на Валааме быў утвораны ў 1950 годзе. Тут дажывалі свой век тыя, хто атрымаў цяжкія калецтвы ў Другую ўсясьветную вайну.

Манаскае жыцьцё на востраве ўзнавілася толькі ў 1989-м, калі пачынаў распадацца СССР. Цяпер у Валаамскім манастыры любяць адпачываць патрыярх РПЦ Кірыл і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ёсьць зьвесткі, што з Валаама нават высялялі людзей, бо цяпер гэта «тэрыторыя для сваіх». Пра масавыя высяленьні з вострава пісала, у прыватнасьці, газэта «Маскоўскі камсамолец».

Па зьвестках выданьня, на момант развалу СССР на Валааме жылі 600 чалавек, цяпер засталіся толькі 40 (па дадзеных выбарчых участкаў). Жыльлё людзей, выселеных з вострава, пераходзіць да Расейскай праваслаўнай царквы.