З зоркамі польскай музыкі і літаратуры можна сустрэцца сёньня ў Менску на Дні Польшчы

Верхні горад, архіўнае фота ©Shutterstock

Верхні горад сталіцы ў суботу 15 чэрвеня прымае Дзень Польшчы.

Імпрэзы пачнуцца а 13-й. Іх падрабязную праграму можна паглядзець тут.

А 16:30 у Карэтным дворыку на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 8 адбудзецца сустрэча з знаным пісьменьнікам Янушам Вісьнеўскім. Ён набыў эўрапейскую вядомасьць дзякуючы дэбютнаму раману «Самотнасьць у Сеціве» (S@motność w Sieci). Гісторыя віртуальнага каханьня, якая ў адной толькі Польшчы выйшла накладам 300 тысяч асобнікаў, у 2006 годзе была экранізаваная і па напаўняльнасьці заляў на радзіме пісьменьніка пакінула далёка за сабой галівудзкія блакбастэры. Потым на сьвет зьявіўся яшчэ шэраг кніг пра каханьне. Весьці сустрэчу будзе беларуская паэтка Валярына Кустава.

А 20:40 на галоўнай сцэне пачнецца праграма клясычнай музыкі да 200-годзьдзя Станіслава Манюшкі.

А завершыць праграму легендарны польскі гурт Golden Life. Пачатак выступу — а 21:40.

Цягам дня будуць забавы для дзяцей, тэатральныя, карнавальныя і цыркавыя выступы, выставы, моўна-адукацыйны кірмаш і іншае. Уваход усюды вольны.

Сёлета ў Менску ў падобным фармаце ўжо прайшлі дні Швэцыі, Расеі і Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Манюшкі — праз КПП. Чаму памяць пра славутага кампазытара ў Беларусі патрэбная толькі энтузіястам