Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім катэдральным касьцёле ўсталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар Станіслава Манюшкі. ФОТА


Мэмарыяльная дошка ў гонар Станіслава Манюшкі

30 траўня падчас урачыстасьцяў на Ўнебаўшэсьце Пана ў менскім катэдральным касьцёле Найсьвяцейшага Імя Марыі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дабраславіў мэмарыяльную шыльду ў гонар Станiслава Манюшкi — пад акампанэмэнт духоўных твораў усясьветна вядомага кампазытара.

Кандрусевіч: «Наш зямляк, усясьветнай славы творца»

Тадэвуш Кандрусевіч асабіста выбраў месца для дошкі
Тадэвуш Кандрусевіч асабіста выбраў месца для дошкі

Сёлета адзначаецца 200-гадовы юбілей славутага кампазытара, арганіста і дырыжора. Ён нарадзіўся ў фальварку Убель на Ігуменшчыне, а дзяцінства і маладосьць правёў у Менску. Тут атрымаў пачаткі музычнай адукацыі, пазьней ладзіў опэрныя пастаноўкі, у якіх упершыню акторы на прафэсійнай сцэне засьпявалі свае партыі па-беларуску.

У часе сьвятой імшы Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў: Станіслаў Манюшка працяглы час быў арганістам у віленскім касьцёле Сьвятога Яна, што спрычынілася да фармаваньня ягонага рэпэртуару. Ён аўтар шэрагу рэлігійных твораў, сярод іх цыкль кампазыцый пад назвай «Песьні нашага касьцёла».

«Кожны хрысьціянін павінен сваім жыцьцём сьведчыць пра Хрыста і вечныя каштоўнасьці, — адзначыў герарх. — Такiм сьведкам быў усясьветнай славы творца Станіслаў Манюшка, наш славуты зямляк. Яго сьмела можна назваць чалавекам, якi музыкай i сваёй верай аб’яднаў Беларусь, Лiтву i Польшчу. Сёньня, калi ў менскай катэдры мы бласлаўляем яго выяву, то просiм Бога, каб прыняў яго ў сваё Валадарства, каб ён, як выдатны музыка і кампазытар, далучыўся да анёльскіх хораў».

Cкульптар Валяр’ян Янушкевіч
Cкульптар Валяр’ян Янушкевіч

Пасьля гэтага арцыбіскуп дабраславіў шыльду з барэльефам кампазытара, усталяваную на адной з калёнаў катэдральнага сабору. Дарэчы, ён сам выбраў для яе сымбалічнае месца — пад хорамі, акурат пад арганам. Яе ўбачыць кожны, хто зойдзе ў касьцёл.

Памятную дошку вырабіў вядомы скульптар Валяр’ян Янушкевіч, аўтар шматлікіх твораў сакральнага мастацтва і мэмарыяльных знакаў у гонар славутых землякоў. У верхняй частцы зьмешчаны радавы герб Манюшкаў «Крыўда». Пад ім — барэльефная выява з надпісам лацінкай па-беларуску: «Станіслаў Манюшка. 1819–1872. Кампазытар, арганіст, дырыжор». А таксама нотны радок зь ягонай другой Вастрабрамскай літаніі — Kyrie. Унізе — надпіс па-лацінску: Requiem æternam (малітоўны заклік «Вечны супакой»).

Скорабагатаў: «Колькі часу ад нас хавалі Манюшку!»

Матэрыяльная памятка ў гонар Станіслава Манюшкі — фамільны дар касьцёлу і гораду. Ініцыятарам такога ўшанаваньня стаў родны брат скульптара Язэп Янушкевіч — літаратуразнаўца, выдавец, дасьледчык жыцьця і творчасьці кампазытара. Акурат пад падзею з друку выйшла ягоная новая кніга «Літоўскі пеўнік», у якой сабраныя ўнікальныя зьвесткі пра радавод Манюшкаў і прафэсійную кар’еру творцы. А чаму адрасам мэмарыялізацыі абраны менавіта катэдральны касьцёл?

Язэп Янушкевіч
Язэп Янушкевіч

«Каб мы вярнуліся на 100 гадоў таму, тут стаяў бы ня толькі катэдральны касьцёл, а яшчэ і езуіцкі, і дамініканскі. Натуральна, Станіслаў Манюшка наведваўся туды ня толькі ў справах веры, а і, верагодна, даваў майстар-клясы граньня на аргане. Таму катэдра без лішніх словаў падтрымала нашую ініцыятыву», — кажа Язэп Янушкевіч.

Аднадумцам Язэпа Янушкевіча ў справе ўшанаваньня — заслужаны артыст Беларусі, заснавальнік і кіраўнік мастацкага калектыву «Беларуская капэла» Віктар Скорабагатаў. Гэта зь ягонай падачы на пачатку 1990-х пачало вяртацца зь нябыту імя Станіслава Манюшкі, творчасьць якога адукацыйныя ўстановы дагэтуль разглядалі ў разьдзеле «Замежная музыка».

Падчас сьвятой імшы ў катэдральным касьцёле
Падчас сьвятой імшы ў катэдральным касьцёле

Нейкі час таму опэрны сьпявак выступіў ініцыятарам памятнага знаку, прысьвечанага першаму дэклямаваньню на беларускай мове з прафэсійнай сцэны. Мэмарыяльную дошку, на яго думку, варта павесіць на менскім гатэлі «Эўропа» — на частцы ягоных падмуркаў колісь стаяў будынак гарадзкога тэатру, дзе ў 1852 годзе адбылася прэм’ера опэры «Ідылія» Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Менавіта тады ўпершыню героі пастаноўкі загаварылі па-беларуску.

«Шмат хто зь менчукоў, напэўна, памятае, што яшчэ ў 1980-х там стаяў будынак, у якім была музычная вучэльня, у ёй, сярод іншых, займаўся і я. На вялікі сорам, нам нават не расказвалі, што ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя на гэтым месцы працаваў гарадзкі тэатар — пра тое я даведаўся значна пазьней. І менавіта тут Манюшка ставіў свае першыя опэры. На шчасьце, цяпер гэта факт вядомы, і майстра пачынаюць шанаваць як свайго», — усьцешаны Віктар Скорабагатаў.

Віктар Скорабагатаў
Віктар Скорабагатаў

Праўда, адрозна ад царкоўных уладаў, узгадненьне на ўзроўні ведамстваў не такое шпаркае, таму пытаньне з ушанаваньнем рызыкуе расьцягнуцца на гады.

Янушкевіч: «Калі кахаюць, хіба лічаць пацалункі?»

Тым ня меней арэал Манюшкі ўжо набывае рэальныя абрысы. У сквэры каля ратушы на плошчы Свабоды ў Менску зьявілася скульптурная кампазыцыя Льва і Сяргея Гумілеўскіх, прысьвечаная стваральнікам беларускай нацыянальнай опэры. На доме, дзе жыў Манюшка, і на былой гімназіі, дзе ён вучыўся, разьмешчаныя інфармацыйныя шыльды.

Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу ў Менску
Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу ў Менску

«Калі мы займаліся мэмарыяльнай шыльдай, я пачуў: а ці не зашмат ужо гэтага Манюшкі? — кажа Язэп Янушкевіч. — У гэтым зьвязку згадваю адно выслоўе: „Калі кахаюць, хіба лічаць пацалункі?“ Манюшка — якраз тая асоба, якая заслугоўвае ўсялякай пашаны».

Падчас прамовы Тадэвуш Кандрусевіч выказаў асабістую падзяку Валяр’яну Янушкевічу за годны чын, які ён зьдзейсьніў дзеля памяці пра слаўнага сына Беларусі. З прычыны празьмернай занятасьці сам аўтар на цырымоніі бласлаўленьня мэмарыяльнай дошкі не прысутнічаў, словы ўдзячнасьці прымаў старэйшы брат.

«Я ганаруся і ўсьцешаны тым, што мой брат Валяр’ян, які б ні быў заняты, зрабіў надзвычай годны барэльеф, які ня сорамна прадэманстраваць усяму сьвету, — падсумоўвае Язэп Янушкевіч. — І цяпер можам з гонарам сказаць, што, бадай, нідзе ў Эўропе няма такога месца, каб у пэрымэтры нейкага паўкілямэтра была сканцэнтравана такая колькасьць памятных знакаў у гонар аднаго з выбітных кампазытараў свайго часу».

Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 траўня 1819 году ў фальварку Убель — на тым месцы сёньня санаторый «Волма». Хлопчыку было 6 гадоў, калі бацькі пераехалі спачатку ў Варшаву, а потым у Менск, дзе сын вучыўся ў гімназіі ў былым дамініканскім кляштары. Пасьля Стася выправілі ў музычную акадэмію ў Бэрлін.

Інфармацыйная шыльда на доме, дзе жылі Манюшкі
Інфармацыйная шыльда на доме, дзе жылі Манюшкі

Ад 1840 году жыў у Вільні, служыў арганістам у касьцёле Сьвятога Яна, пісаў музыку, выкладаў. Наведваўся ў Менск, дзе ладзіў тэатральна-музычныя пастаноўкі. Пасябраваў з драматургам Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам, што вылілася ў шэраг опэрных прэмʼераў. Кульмінацыяй стала «Ідылія» ў Менскім гарадзкім тэатры, але неўзабаве расейскія ўлады забаранілі спэктакль за беларускую мову.

Станіслаў Манюшка таксама і нацыянальны гонар Польшчы, дзе яго шануюць нашмат больш, чым у Беларусі. У Варшаве ён здабыў эўрапейскую славу і да апошніх дзён быў дырыгентам у опэрным тэатры, які і ўзначальваў. Яшчэ пры жыцьці стаў клясыкам польскай опэры.

4 чэрвеня 1872-га праводзіць маэстра ў апошні шлях сабраліся 100 тысяч ягоных прыхільнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG