Новае здарэньне на Сьветлагорскім цэлюлёзным камбінаце. Рабочы ўпаў з вышыні
Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат, архіўнае фота
Чарговае надзвычайнае здарэньне адбылося 27 траўня на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце. Рабочы ўпаў зь сямімэтровай вышыні, пасьля чаго быў шпіталізаваны зь пераломамі ног, паведамілі Свабодзе дзьве нязьвязаныя паміж сабой крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.
Пазьней афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласьці Марыя Крываногавапацьвердзіла БЕЛТА факт здарэньня. Рабочы 1984 году нараджэньня ўпаў, калі спрабаваў дастаць тэлефон, які ўпаў на тэхналягічнае пакрыцьцё падлогі.
Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце траўмаваньня чалавека.
Гэта ня першае здарэньне на камбінаце, запуск якога суправаджаецца пратэстамі мясцовых жыхароў.
14 траўня зьявіліся здымкі імавернай аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы. Па сьведчаньнях работнікаў заводу, на адным з цэхаў абваліўся дах. Прэсавая сакратарка канцэрну «Белляспаперпрам» Ружэна Навіцкая ў камэнтары Свабодзе зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Аднак празь некалькі дзён прэм’ер-міністр Сяргей Румас пры наведваньні Сьветлагорску прызнаў, што аварыя мела месца. Узімку на тэрыторыі прадпрыемства здарыўся выкід бруду і пены з ачышчальных збудаваньняў.
Пасьля зьяўленьня ў СМІ фота надзвычайных здарэньняў на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце кіраўніцтва прадпрыемства распарадзілася забараніць работнікам здымкі мабільнымі тэлефонамі.