«Паступіла паведамленьне пра міну». У Менску ачапілі будынак Нацбанку

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота

Будынак Нацбанку на праспэкце Незалежнасьці, 20 у Менску ачапілі, на месцы працуе АМАП, выехалі машыны МНС. Пра гэта Tut.by паведамілі чытачы.

«На электронную пошту нам паступіла паведамленьне аб мінаваньні будынка, цяпер праводзіцца праверка», — пацьвердзілі Tut.by ў прэс-службе Нацбанку.

Эвакуацыю работнікаў не праводзілі, усе знаходзіліся на сваіх месцах.

У МНС патлумачылі, што ратавальнікі выехалі паводле інструкцыі аб узаемадзеяньні зь міліцыяй.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу. Паводле ч. 1 арт. 340 за ілжывае паведамленьне аб небясьпецы пагражае да 5 гадоў турмы.

Гэта ня першае паведамленьне аб мінаваньні будынкаў у Менску за апошнія месяцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя паведамілі пра замінаваньне аэрапорту, вакзалу і гатэлю ў Менску

Пад ноч 29 красавіка невядомы паведаміў пра бомбы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», сталічным чыгуначным вакзале і менскім гатэлі Hilton.

6 красавіка «мінавалі» менскі гандлёвы цэнтар «Галерэя». Падчас праверкі выбуховых прыладаў ня выявілі, Сьледчы камітэт распачаў справу па факце фальшывага паведамленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбылася эвакуацыя з гандлёвага цэнтру «Галерэя». ФОТА, ВІДЭА

31 сакавіка з прычыны паведамленьняў аб мінаваньні эвакуявалі пасажыраў менскага чыгуначнага вакзала, а таксама наведнікаў гандлёвых цэнтраў «Галілеа» і «Замак». Паведамленьні пра мінаваньні не пацьвердзіліся. Праверка заняла некалькі гадзін. Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце заведама фальшывага паведамленьня аб небясьпецы (ч. 1 арт. 340 КК), ілжэмінэру пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зноў адкрытыя гандлёвыя цэнтры Galileo, «Замак» і чыгуначны вакзал. ФОТА. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК завёў крымінальную справу. Ілжэмінэру пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі

З пачатку году гэта ўжо 19-я крымінальная справа за «фальшывае паведамленьне пра небясьпеку». Гэта надзвычай шмат: за цэлы мінулы год такіх паведамленьняў было толькі 23. З 19 сёлетніх «фальшывых мінэраў» ужо выяўленыя 12.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фальшывыя мінэры ідуць на рэкорд: 19-я справа з пачатку году