Намесьнік міністра ўнутраных спраў: «Можа, і трэба выбачыцца перад цыганамі. Ня ведаю, ці будзем»

Магілёўскіх цыганоў выпускаюць са сьледчага ізалятара (каляж з фота). 19 траўня 2019 году

Служба ўласнай бясьпекі МУС праводзіць службовы разбор па факце гібелі супрацоўніка МУС Яўгена Патаповіча ў Магілёве, паведаміў БелаПАН першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Іван Падгрускі.

На пытаньне БелаПАН, ці ня лічыць ён, што МУС павінна папрасіць прабачэньня перад цыганамі, якіх масава затрымлівалі ў Магілёве пасьля сьмерці супрацоўніка ДАІ, Падгрускі адказаў: «Можа быць, і трэба. Ня ведаю, ці будзем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскія цыганы таксама трапілі пад міліцэйскую аблаву

Увечары 16 траўня ў Магілёве затрымалі каля сотні жыхароў двух цыганскіх раёнаў гораду: Чапаеўкі і Грабянёва. Жанчын адпусьцілі на наступную раніцу, а мужчын трымалі да нядзелі. Пасьля вызваленьня яны расказалі Свабодзе, што міліцыянты выпытвалі, хто з прадстаўнікоў цыганскай дыяспары датычны да забойства міліцыянта Яўгена Патаповіча. Пры затрыманьні і на допытах іх білі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атачылі пасёлак і пачалі ўсіх хапаць». Цыганы пра затрыманьні ў Магілёве. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы ў масках моцна білі». Магілёўскія цыганы пра допыты пасьля забойства міліцыянта

У Міністэрстве ўнутраных спраў сказалі, што «нічога ня ведаюць» пра сотню затрыманых цыганоў у Магілёве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС пра брутальнае затрыманьне цыганоў у Магілёве: «Можа, зь імі гутарылі»

Паводле старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская дыяспара цыганоў» Алега Казлоўскага, затрыманьні былі ня толькі ў Магілёве: да цыганоў прыходзілі міліцыянты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Да самога старшыні дыяспары двойчы прыходзілі з нагоды забойства Яўгена Патаповіча.

«Яны паднялі ўсе сілы МУС, сказаў Казлоўскі. — У Калодзішчах быў аўтобус АМАПу. Затрымлівалі ў Віцебску, у Гомлі пагалоўна — па ўсёй краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыганоў затрымлівалі па ўсёй краіне. Кіраўнік дыяспары параўнаў ціск міліцыі з часамі нацызму ў Нямеччыне