У Кіеве на «Несьмяротны полк» прынесьлі партрэты супэргерояў Marvel

Акцыя «Безсмертний Грут» у Кіеве, 9 траўня 2019 году

На шэсьце «Ніхто не забыты, нішто не забытае» 9 траўня ў Кіеве спрабавалі трапіць людзі з партрэтамі не сваякоў, палеглых у Другую сусьветную вайну, а супэргерояў коміксаў кампаніі Marvel, расказвае ўкраінская служба Радыё Свабода.

Украінскі аналяг расейскай акцыі «Несьмяротны полк» прайшоў шэсьцем ад мэтро «Арсенальна» да парку Вечнай Славы, паліцыя налічыла да трох тысячаў удзельнікаў. Абышлося без сутычак, паліцыя затрымала толькі траіх чалавек (жанчыну з партрэтам Сталіна і двух чалавек з «георгіеўскімі» стужкамі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвята Перамогі ператвараецца ў інструмэнт палітычнага ўплыву Расеі

На акцыю спрабавалі прайсьці ўдзельнікі аб’яднаньня «Демократична сокира» з партрэтамі выдуманых супэргерояў, але паліцыя не пусьціла большасьць зь іх.

Плякаты былі стылізаваныя пад старыя фота, імёны герояў перакладзеныя на ўкраінскую: напрыклад, «Жалезны чалавек» Тоні Старк стаў «Маёрам Старковым, мэханізатарам-перадавіком».

У шэсьці былі заўважаныя таксама партрэты герояў сэрыялу «Гульня тронаў» і відэагульні Half-Life, порнаакторкі Сашы Грэй (якую назвалі «Аляксандрай Сірко») і 40-га прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана. Таксама ў акцыі ўзяў удзел «Станас»: чалавек у камбінацыі вобразаў Сталіна і супэрліхадзея Marvel Танаса.

8 траўня ва Ўкраіне на афіцыйным узроўні адзначылі Дзень памяці і прымірэньня, 9-га — Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня мае права манапалізаваць перамогу над нацызмам», — Парашэнка на акцыі «Першая хвіліна міру»

Акцыя «Несьмяротны полк» прайшла таксама ў Беларусі: санкцыянавана ў Менску і несанкцыянавана ў Віцебску.

На гэтых акцыях таксама былі партрэты, не датычныя да Другой сусьветнай вайны: напрыклад, у Менску несьлі партрэт Леніна, які памёр за 15 гадоў да яе пачатку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што арганізатар менскага «Несьмяротнага палку» думае пра партрэты Сталіна на акцыі