«Аэрофлот» адклаў або адмяніў некалькі рэйсаў «Sukhoi Superjet 100»

«Sukhoi Superjet 100»

«Аэрофлот» за апошнія суткі адклаў або адмяніў некалькі рэйсаў, якія павінны былі выконваць самалёты «Sukhoi Superjet 100».

  • 7 траўня ўвечары больш чым на дзьве гадзіны затрымалі вылет рэйсу з Масквы ў Рыгу. Пасажыры паскардзіліся на пах гару ў салёне. Пасьля гэтага іх перасадзілі на іншы «Sukhoi Superjet 100».
  • Раніцай 8 траўня на тры гадзіны адклалі рэйс з Масквы ў Менск — прычынай была названая нейкая тэхнічная непаладка.
  • Акрамя гэтага, быў адменены рэйс «Sukhoi Superjet 100» па маршруце Растоў-на-Доне — Масква. У самалёта быў зламаны датчык становішча руля. У выніку пасажыраў з пяцігадзіннай затрымкай адправілі лайнэрам Boeing 737.
  • Рэйс ва Ўльянаўск таксама вылецеў з затрымкай — пасьля таго, як самалёт выехаў на ўзьлётную паласу, пілёт паведаміў дыспэтчару аб нейкім збоі.
  • Таксама былі адменены рэйсы «Аэрофлота» у Перм і назад. Прычыну ў кампаніі тлумачыць адмовіліся.
  • Інтэрфакс са спасылкай на онлайн-табло на сайце Шарамецьцева піша аб скасаваных рэйсах у Самару, Ніжні Ноўгарад, а таксама ў швэдзкі горад Гётэборг.

«Sukhoi Superjet 100» — першы пасажырскі самалёт, распрацаваны ў сучаснай Расеі.

5 траўня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева адбылася катастрофа з удзелам лайнэру. Пасьля вылету пілёты прынялі рашэньне вярнуцца. Падчас пасадкі самалёт стукнуўся аб паласу. Неўзабаве пасьля гэтага на борце пачаўся пажар. Загінуў 41 чалавек.

Па дадзеных СМІ, прыярытэтная вэрсія — памылка пілётаў. Міністар транспарту Расеі Яўген Дзітрых заявіў, што падставаў для прыпыненьня эксплёатацыі самалётаў «Sukhoi Superjet 100» няма.