Чарговага расейца высылаюць зь Беларусі за правапарушэньне

Ўладзімер Траўтэр

Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы на пяць гадоў 38-гадовага грамадзяніна Расеі Ўладзімера Траўтэра. Ён жыве ў Беларусі 26 гадоў. Мае сталую працу, сям’ю, дом, вялікую гаспадарку і крэдыт.

«Кінуць усё і ехаць у нікуды?» — пытаецца Ўладзімер.

Ён нарадзіўся ў Казахстане, жыў з бацькамі ў Расеі, у 1993 годзе сям’я пераехала ў Беларусь. 18 гадоў таму Ўладзімер пабраўся шлюбам зь беларускай Марыяй. У іх нарадзіўся сын Арцём, яму цяпер 17 гадоў. Сям’я жыве ў вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёну. У суседняй вёсцы Нядойка жывуць старая хворая маці Ўладзімера і яго айчым.

Траўтэры зрабілі ў сваім доме рамонт, трымаюць сьвіней і курэй, апрацоўваюць 70 сотак зямлі. Уладзімер 17 гадоў робіць жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы, ягоная жонка — прыбіральшчыцай у школе.

«Вінаваты, прызнаю, але ехаць мне няма куды»

23 лютага супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў Уладзімер, і выявілі ў кіроўцы астаткавы стан алькагольнага ап’яненьня.

«22 лютага ў нас былі госьці, пасядзелі, выпівалі трохі. Я назаўтра не задумаўся, што можа нешта паказаць у крыві, паехаў у краму па цыгарэты. Спынілі супрацоўнікі ДАІ. Склалі пратаколы — за тое, што размаўляў па тэлефоне ў час руху, і за астаткавы алькаголь», — кажа Ўладзімер.

У яго забралі правы, пакаралі штрафам на 1275 рублёў. Потым прыйшла папера, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы Траўтэра на пяць гадоў за правапарушэньні. Да 9 траўня Ўладзімер мусіць пакінуць Беларусь.

Ён зьвярнуўся па дапамогу да праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Зь ягонай дапамогай склаў і падаў скаргу ў абласную міліцыю. Чакае адказу і спадзяецца, што застанецца ў Беларусі.

«Я вінаваты, прызнаю. Па законе мяне пакаралі. Але куды мне ехаць у Расею? У мяне там няма нікога. Прывязуць мяне туды, за мяжу — і буду там сядзець? Я і характарыстыкі пабраў — зь месца жыхарства, працы, усе яны добрыя. Работнікі нашай гаспадаркі сабралі подпісы ў маю абарону. Уся вёска за мяне. Хай бы мне больш штрафу далі. Колькі гадоў усё гэта цяжкай працай нажывалася», — бядуе расеец.

У яго і раней былі правапарушэньні. Напрыклад, ехаў на кані, а на возе не было сьвятлоадбівальнікаў. Супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол.

Жонка Марыя і сын Арцём — у разгубленасьці.

«Я ня ведаю, як можна выслаць чалавека, калі тут у яго сям’я? Не магу ўявіць, што будзе з намі. Дый за што мы будзем жыць, сына вучыць, крэдыт плаціць? Хоць бы пашкадавалі нас. Хоць бы не высылалі», — кажа Марыя.

Уладзімер Траўтэр з жонкай Марыяй

«Гэта ненармальная сытуацыя. Тата ў мяне добры, характар у яго добры, ён нікому не рабіў зла, нікому не замінае», — кажа Арцём.

Сын Арцём

«Што ён будзе рабіць у той Расеі?»

Сяброўка сям’і Натальля Кастунова называе сытуацыю «страшнай».

«Памыліўся чалавек. Заплаціў штраф. Няўжо нельга прабачыць? Вёскі цяпер дэградуюць, усе імкнуцца ў гарады, тут няма каму жыць і працаваць. А Валодзя і гаспадар, і трактар сам зрабіў, і работнік добры...» — кажа Натальля.

Сябра сямʼі Натальля Кастунова

Людміла Маталыгіна ведае Ўладзімера больш за дзесяць гадоў.

«Хай бы пакінулі яго. Каму будзе лепш ад высылкі яго? Жонцы ці сыну? Памыліўся — дык дайце большы штраф. Але дзеля чаго разбураць сям’ю? Сям’я ня вынесе такога выпрабаваньня», — мяркуе Людміла.

Людміла Маталыгіна

Браты Казловы зьдзіўляюцца, што іхнага аднавяскоўца за правапарушэньне высылаюць.

«Што ён будзе рабіць у той Расеі? Тут у яго жонка з сынам, дом. Парушыў нешта? А хто ў нас не парушае?» — кажуць браты.

Аднавяскоўцы браты Казловы

Ахвяры высылак і дэпартацый

За сьнежань 2018 — студзень 2019 году ў Гомельскай вобласьці трое расейцаў скончылі жыцьцё самагубствам праз высылку на радзіму за правапарушэньні.

У студзені ў Буда-Кашалёўскім раёне ўчыніў самагубства грамадзянін Расеі. Віталь жыў у Беларусі 14 гадоў, меў тут жонку і шэсьць дзяцей, працаваў на мясакамбінаце. За адміністрацыйныя правапарушэньні яму пагражала высылка. Дзеці засталіся сіротамі.

З дапамогай праваабаронцаў і праз шырокі розгалас у СМІ застаўся жыць у Беларусі жыхар Буда-Кашалёва, грамадзянін Украіны Сяргей Працэнка. Яны з жонкай выхоўваюць траіх дзяцей (2, 4 і 9 гадоў). Яго хацелі выслаць за зьяўленьне нецьвярозым у грамадзкім месцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС адмовілася адказаць на пэтыцыю супраць высылкі зь Беларусі іранца, якому пагражае сьмерць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чамадан, вакзал, Расея. Каго, за што і куды высылаюць зь Беларусі