«Агульнай засталася толькі мяжа» — Зяленскі адказаў Пуціну

Уладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін

Новаабраны прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на заяву расейскага лідэра Ўладзіміра Пуціна пра «агульнае грамадзянства».

«Рэальнасьць такая, што сёньня, пасьля анэксіі Крыма і агрэсіі на Данбасе, з «агульнага» у нас засталося толькі адно — гэта дзяржаўная мяжа. 2295 кілямэтраў і 400 мэтраў «агульнага». І кантроль за кожным мілімэтрам з украінскага боку Расея павінна вярнуць. Толькі тады мы зможам працягнуць пошукі «агульнага», — гаворыцца ў паведамленьні на Facebook-старонцы Зяленскага.

«А забарона экспарту нафтапрадуктаў, адкрыцьцё пунктаў выдачы пашпартоў жыхарам акупаваных тэрыторый, утрыманьне ўкраінцаў у палоне ні на ёту не набліжае ўрэгуляваньне адносін паміж нашымі краінамі. І "братнімі" такія адносіны сапраўды называць нельга», — дадаў новаабраны прэзыдэнт Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін дапусьціў, што Расея пачне раздаваць свае пашпарты ўсім ўкраінцам

Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пасьля словаў новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пра гатоўнасьць даваць украінскія пашпарты расейцам загаварыў пра «агульнае грамадзянства».

«Гэта сьведчыць аб тым, што мы дамовімся, напэўна, таму што ў нас ёсьць шмат агульнага. Я шмат разоў казаў пра тое, што ўкраінцы і расейцы — брацкія народы. І нават больш за тое: я наогул лічу, што гэта адзін народ на самай справе, са сваімі асаблівасьцямі: культурнымі, моўнымі, гістарычнымі, — але па сутнасьці сваёй адзін народ. І калі ў нас будзе агульнае грамадзянства, ад гэтага толькі выйграюць і расейцы, і ўкраінцы, мы будзем мацнейшыя і больш пасьпяховыя», — сказаў Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Радзе Бясьпекі ААН асудзілі выдачу расейскіх пашпартоў жыхарам Данбасу

Указ, па якім жыхары кантраляваных падтрыманымі Расеяй ваеўнікамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны змогуць у спрошчаным парадку атрымлiваць грамадзянства Расеі, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў 24 красавіка. Гэта рашэньне рэзка скрытыкавала Ўкраіна і яе заходнія саюзьнікі.

27 красавіка Пуцін заявіў у Пэкіне, што Крэмль разглядае магчымасьць выдачы расейскіх пашпартоў па спрошчанай працэдуры ўсім украінцам.

У адказ Зяленскі параіў расейскім уладам не марнаваць дарэмна час, «спрабуючы спакусіць грамадзянаў Украіны пашпартамі РФ», і не разьлічваць, што «многія ўкраінцы захочуць стаць "новай нафтай", у якую ўлады Расіі спрабуюць ператварыць уласны народ».

Пры гэтым абраны прэзыдэнт выказаў гатоўнасьць даваць украінскае грамадзянства тым, «хто гатовы змагацца разам з намі за нашу і вашу свабоду».