Ярмошына зьдзівілася перамозе Зяленскага: не чакала ва Ўкраіне такога «запатрабаваньня на перамены»

Уладзімер Зяленскі, архіўнае фота

Перамога Ўладзімера Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне «зьдзівіла» старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзію Ярмошыну, расказала яна ў інтэрвію БелаПАН.

Як расказала Лідзія Ярмошына, калі яна назірала за першым турам украінскіх выбараў, дык «ня думала, што безаглядна такая колькасьць грамадзянаў Украіны аддасьць галасы Зяленскаму і што ў грамадзтве існуе такое запатрабаваньне на перамены».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі беларускай моладзі: «Усё магчыма»

«У час назіраньня мы размаўлялі з рознымі людзьмі і, можа быць, так супала, але здавалася, што ў спадара Парашэнкі дастаткова шмат прыхільнікаў», — растлумачыла яна.

Тым ня менш у Ярмошынай засталіся «самыя пазытыўныя ўражаньні» ад украінскай выбарчай кампаніі, якую яна назвала «бездакорнай». Але пераймаць украінскі досьвед у Беларусі яна лічыць немэтазгодным.

«Гэта зусім ужо іншыя традыцыі, — разважала Ярмошына. — У нас няма такой колькасьці прафэсійных людзей, якія змаглі б арганізаваць тыя працэдуры, што прапісаныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка памыліўся ў прагнозах вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне

Што яшчэ расказала Ярмошына:

  • Унесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства «ўжо нерэальна». Лукашэнка казаў, калі іх і ўносіць, то пасьля зьменаў у Канстытуцыю, а яшчэ невядома, якія плянуюцца зьмены.
  • У тым, што дата прэзыдэнцкіх выбараў, калі іх праводзіць «дакладна ў тэрмін» (што трэба так, заяўляў сам Лукашэнка), супадае з днём народзінаў Лукашэнкі, «няма нічога асабістага». Іх трэба правесьці не пазьней за 5 верасьня, але гэта субота, а апошняя перад гэтым нядзеля — 30 жніўня. Пра супадзеньне яна сама ня думала: прачытала ў «Камсамольскай праўдзе» пра такі «падарунак» і «ашаламілася», бо «гэта вельмі перакручанае разуменьне пра падарунак».
  • Прапанаваная Лукашэнкам дата парлямэнцкіх выбараў — 7 лістапада — няўдалая, паўтарыла Ярмошына. Лепей 17-га. А 7-га хоць і «несакральны» выходны, але пачатак «шэрагу доўгіх выходных», а людзі могуць у гэты час «недзе адпачываць, можа быць, знаходзіцца за мяжой». Перад агучваньнем гэтай даты Лукашэнка ня раіўся зь ёй і ЦВК.