Плюс 25 рублёў. Пэнсіі ў Беларусі прапанавалі падвысіць з 1 траўня

Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

Міністарка працы Беларусі Ірына Касьцевіч расказала 21 красавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ пра пляны павысіць пэнсіі.

«Мы падрыхтавалі канкрэтныя прапановы аб павышэньні пэнсіяў ад 1 траўня, — расказала міністарка. — Мы гаворым пра пэнсіі паводле ўзросту, у сярэднім нашая прапанова — плюс 25 рублёў, гэта больш за 6%».

Падвысіць пэнсіі даручыў 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка. Ён нагадаў, што за 2018 год пэнсіі падвышаліся двойчы, маюць вырасьці і сёлета. Лукашэнка даручаў ураду «неадкладна падрыхтаваць праекты» павышэньня пэнсіяў, каб яны складалі ня менш за 40% ад сярэдніх заробкаў, і «імкнуцца да 50%», «як гэта прынята ва ўсім сьвеце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што ў Беларусі сярэдні заробак дасягнуў 500 даляраў?

Пры тым сярэдні памер пэнсіяў па ўзросьце ў лютым склаў 393,5 рубля (плюс 2 капейкі да студзеня), а сярэдні налічаны заробак — 977,6 рубля (мінус чатыры рублі). Гэта значыць, сярэдняя пэнсія складала роўна 40% ад сярэдняга заробку (калі дадаць 25 рублёў, будзе ўжо 42,8%).

Калі пералічваць у даляры, пэнсіі ў Беларусі з 2010 году ня вырасьлі, а нават зьнізіліся на 9 даляраў. Падвышэньне на 25 рублёў дазволіць вярнуцца на ўзровень дзевяцігадовай даўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэднестатыстычны беларус мае «па трыста пяцьдзясят». Як зьмяніліся заробкі і даходы беларусаў у 2018 годзе