Расея забараніла экспарт нафты і нафтапрадуктаў ва Ўкраіну

Дзьмітрый Мядзьведзеў

Расея ўсталёўвае забарону на экспарт нафты і нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. Пра гэта на пасяджэньні ўраду ў чацьвер заявіў прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў. З 1 чэрвеня іх можна будзе вывозіць толькі па асобных дазволах, паведамляе РИА Новости.

Акрамя таго, па словах Мядзьведзева, Масква ў адказ на недружалюбныя дзеяньні Кіева пашырае забарону на ўвоз некаторых украінскіх тавараў. Абмежаваньне закране «прадукцыі машынабудаваньня, лёгкай прамысловасьці, мэталяапрацоўкі, кошт якой за мінулы год склаў амаль 250 мільёнаў долараў», — адзначыў расейскі прэм’ер.

Адпаведная пастанова ўраду ўжо падпісана, паведаміў Мядзьведзеў.

10 красавіка ўрад Украіны пашырыў пералік тавараў з Расеі, якая падпадаюць пад эмбарга, уключыўшы ў яго, у прыватнасьці, шклотару і фармалін.

16 красавіка Міжнародны арбітражны суд абавязаў Расею выплаціць на карысьць публічнага акцыянэрнага таварыства «Укрнафта» больш за 50 мільёнаў даляраў за нацыяналізацыю маёмасьці кампаніі пасьля анэксіі Крыма.