Пасьля відэапаўтору адмянілі вырашальны гол у чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў

Пасьля голу Стэргінга, які затым скасуюць, 17 красавіка

У паўфінал выйшлі «Лівэрпуль» і «Тотэнгэм». Другі прапусьціў ад «Манчэстэр Сіці» больш галоў, чым забіў, але вырашальны скасавалі праз офсайд — упершыню на матчы такога ўзроўню з дапамогай відэапаўтору.

Вечарам 17 красавіка ў ангельскім Манчэстэры праходзіў другі чвэрцьфінальны матч эўрапейскай Лігі чэмпіёнаў UEFA між мясцовым «Сіці» і ангельскім «Тотэнгэмам». У першым «Тотэнгэм» перамог дома 1:0.

Матч быў напружаны і багаты на галы, за першыя 22 хвіліны каманды забілі пяць галоў. На 73-й хвіліне лік быў 4:3 на карысьць «Сіці». Гол за «Тотэнгэм» забіў на той хвіліне Фэрнанда Льлярэнтэ​, але судзьдзя доўга пераглядаў відэапаўтор (VAR): не было відавочна, ці быў забіты мяч рукой. Гол усё ж залічылі.

Такі вынік задавальняў «Тотэнгэм»: 1:0 дома і 3:4 на выезьдзе — сумарна роўны лік, але перамога ў колькасьці галоў на выезьдзе. Але «Сіці» не зьмірылася і атакавала да канца матчу, ужо ў даданы час Рахім Стэрлінг забіў «Тотэнгэму». Але гэты гол скасавалі — пасьля перагляду відэапаўтору судзьдзя вырашыў, што ягоны аднаклюбнік Сэрхіё Агуэра быў па-за гульнёй, калі аддаваў галявы пас.

Упершыню на матчы такога ўзроўню на табло загарэўся надпіс «No goal. VAR. Offside»

Рэакцыя афіцыйнага твітэру «Сіці» на скасаваны гол:

Галоўны трэнэр «Сіці» Жузэп Гуард'ёла пасьля матчу казаў, што падтрымлівае сыстэму відэапаўтораў, хоць такая параза — «гэта жорстка». Паўабаронца клюбу Фэрнандзіньню пасьля гульні выказаўся журналістам нецэнзурна, сэнс таго выказваньня быў «Далоў VAR». А галоўны трэнэр «Тотэнгэму» па-ранейшаму крытыкуе відэапаўторы, нават пасьля такой перамогі.

Відэапаўторы былі ўведзеныя ў «вялікім» футболе толькі летась. Спачатку не чакалася, што ў Лізе чэмпіёнаў яны будуць выкарыстоўвацца ўжо ў гэтым сэзоне (і не выкарыстоўваліся на групавым этапе). Але UEFA вырашыла выкарыстоўваць VAR ад 1/16 фіналу. Таксама відэапаўторы будуць глядзець у наступнай Лізе чэмпіёнаў.

У паўфіналах сустрэнуцца «Тотэнгэм» і нідэрляндзкі «Аякс», ангельскі «Лівэрпуль» і гішпанская «Барсэлёна». Фінал пройдзе 1 чэрвеня ў Мадрыдзе.

Пасьля 1 чэрвеня будуць і іншыя, але менш значныя зьмены ў правілах футболу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У футболе зьмяніліся правілы. Трэнэрам будуць паказваць карткі, да «сьценкі» забароняць падыходзіць