15 беларускіх «Нотр-Дамаў», разбураных камуністамі. ФОТА

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, вядомы як Фара Вітаўта, Горадня, 1930-я гады

У савецкія часы бальшавікі зьнішчылі сотні беларускіх сьвятыняў. Дзясяткі былі падарваныя або разбураныя, хоць перажылі войны і пажары, сотні — наўмысна занядбаныя. Бальшавікі не шкадавалі ні праваслаўных цэркваў, ні каталіцкіх касьцёлаў, ні сынагог, ні мячэцяў, ня кажучы пра рэпрэсаваньне сьвятароў розных канфэсіяў.

Зьнесены сымбаль Горадні

Ці ня самы вядомы беларускі храм, зьнішчаны камуністамі, гэта Фара Вітаўта ў Горадні, якую часам называюць першым каталіцкім храмам Усходняй Эўропы. Гісторыя яго пачалася ў 1389 годзе, калі на загад князя Вітаўта заклалі драўляны храм, а ў 1580-х замест драўлянага быў узьведзены мураваны гатычны. У 1804 годзе, калі Горадня была ў складзе Расейскай імпэрыі, будынак перарабілі ў праваслаўную царкву, пазьней моцна мадыфікавалі ў псэўдарускім стылі. У 1930-х, калі Горадня была ў складзе Польшчы, храм рэканструявалі як каталіцкі касьцёл у стылі нэаготыкі.

Фара Вітаўта ў 1930-я

Руіны Фары Вітаўта пасьля падрыву ў 1961 годзе

Будынак перажыў шмат пажараў, але ўрэшце яго падарвалі. Гэта адбылося ў лістападзе 1961 году на загад Гарадзенскага гарадзкога савету дэпутатаў. У часы незалежнай Беларусі гарадзенцы ня раз ​ заклікалі аднавіць Фару Вітаўта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фара Вітаўта. Дзевяць пытаньняў і адказаў пра найстарэйшы храм Горадні, узарваны саветамі 60 год таму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фотавыстава ў Горадні распавядае, як бурылі Фару Вітаўта

Некаторыя сьвятыні засталіся моцна перабудаванымі

Сакральныя будынкі ў савецкія часы перараблялі пад гаспадарчыя будынкі, склады, жылыя дамы, бібліятэкі. Нярэдка гмах заставаўся стаяць, але моцна перабудаваны.

Будынак Харальнай сынагогі ў Менску, 1942 год

Фасад таго ж будынку цяпер

Найбольш вядомы ў Беларусі прыклад перабудовы — Харальная сынагога ў Менску, збудаваная ў 1906 годзе. У 1923 годзе яе пераабсталявалі ў габрэйскі тэатар, затым у кінатэатар, пасьля Другой усясьветнай вайны радыкальна перабудавалі і разьмясьцілі там Расейскі драматычны тэатар імя Максіма Горкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гібрыд готыкі і хрушчоўкі. Каталікі Бабруйску дамагаюцца разбурэньня савецкай прыбудовы да касьцёла

Адзінкавыя храмы аднаўляюць

Асобныя храмы, зьнішчаныя бальшавікамі, былі адноўленыя. Пакуль такіх у Беларусі няшмат. Сярод іх найдаўнейшая Дабравешчанская царква ў Віцебску. Паводле паданьняў, храм быў закладзены ў 974 годзе адначасова з горадам на загад княгіні Вольгі. Археолягі кажуць, што храм мог быць збудаваны ў XII стагодзьдзі, а ўпершыню быў значна перабудаваны ў XIV-м. У Паўночную вайну храм быў часткова разбураны і перабудаваны пад расейскі стыль, у Другую ўсясьветную вайну быў пашкоджаны, але застаўся стаяць.

Дабравешчанская царква ў Віцебску

Падарваны з ухваленьня савецкага кіраўніка Мікіты Хрушчова ў 1961 годзе, каб вызваліць месца пад трамвайнае кальцо. У 1993–98 гадах адноўлены; праект адбудовы меўся ўзнавіць той выгляд, які храм меў у XII ст.

Паволі ідзе рэстаўрацыя частак​ Бярозаўскага кляштара картэзіянцаў, збудаванага ў другой палове XVII стагодзьдзя. У часы Расейскай імпэрыі яго перарабілі пад казармы, у міжваеннай Польшчы ён стаў жорсткай турмой, а ў БССР яго часткова разабралі на цэглу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 знакавых будынкаў, якія варта аднавіць у Беларусі

Але ад большасьці зьнішчаных камуністамі храмаў засталіся хіба падмуркі ды ўспаміны — як ад Фары Вітаўта.

Што яшчэ зносілі камуністы

Некаторыя храмы, зруйнаваныя камуністамі, пералічыў на просьбу Свабоды культуроляг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Гэты сьпіс, вядома, далёка ня поўны.

Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў у Менску

Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага ў 1943 годзе

Рэканструкцыя выгляду фасаду касьцёлу

Заснаваны ў 1605 годзе, касьцёл збудаваны прыблізна ў 1620–40 гадах, узарваны ў 1950-м (нягледзячы на тое, што пасьля пашкоджаньняў у Другой сусьветнай вайне ад немцаў атрымалі кантрыбуцыю на яго аднаўленьне).

Касьцёл Сьвятога Станіслава ў Пінску

Касьцёл і калегіюм езуітаў у Пінску, 1930-я гады

Калегіюм езуітаў заснаваны ў 1630-х, мураваны касьцёл пры ім збудаваны ў 1635–48 гадах, касьцёл узарваны ў 1953 годзе, будынак калегіюму застаўся, там цяпер Музэй беларускага Палесься.

Багаяўленскі манастыр у Магілёве

Багаяўленскі брацкі кляштар у 1909 годзе

Заснаваны ў 1630-х гадах, галоўны храм збудаваны ў 1657-м, разбураны ў 1952 годзе.

Царква Сьвятога Язафата і Ўсьпенскі манастыр ў Быцені

Царква Сьвятога Язафата і манастыр базылянаў, 1912 год

Заснаваны ў 1607 годзе, мураваная царква збудаваная пасьля 1673 году, пацярпела ў Першую сусьветную вайну, зруйнаваная пасьля Другой сусьветнай вайны.

Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў у Віцебску

Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў, 1860-я

Заснаваны ў 1640-х, мураваны касьцёл збудаваны ў 1716–31 гадах, зьнішчаны ў межах «упарадкаваньня і рэканструкцыі» гораду ў 1956 годзе.

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар бэрнардынаў у Віцебску

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар бэрнардынаў, 1910 год

Заснаваны ў 1685 годзе, мураваны касьцёл збудаваны ў 1737–68 гадах, узарваны ў 1961 годзе.

Касьцёл Сьвятога Стэфана ў Полацку

Касьцёл Сьвятога Стэфана ў Полацку, 1910 год

Заснаваны пасьля 1580 году, мураваны касьцёл збудаваны пасьля 1738 году, узарваны ў 1964 годзе.

Царква Сьвятога Спаса ў Магілёве

Царква Сьвятога Спаса ў Магілёве, 1942 год

Упершыню згадваецца ў 1447 годзе, мураваная царква збудаваная ў 1740–1742 гадах, пашкоджаная падчас бамбаваньня ў 1944 годзе, канчаткова зруйнаваная пасьля Другой усясьветнай вайны ў 1940-х.

Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар дамініканаў у Валынцах

Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар дамініканаў, Валынцы, 1912 год

Заснаваны ў 1719 годзе, мураваны касьцёл збудаваны ў 1749–56 гадах, зруйнаваны ў канцы 1940-х.

Манастыр і кляштар кармэлітаў у Бялынічах

Манастыр і кляштар кармэлітаў у Бялынічах , 1923 год

Заснаваны ў 1624 годзе, мураваны касьцёл збудаваны ў 1742–63 гадах. Касьцёл падарвалі ў 1960-х, а ў 1970-х узарвалі кляштар.

Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльянаў у Беразьвеччы (цяпер раён Глыбокага)

Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, 1934 год

​Заснаваны ў 1643 годзе, мураваныя царква і манастыр збудаваныя ў 1756–63 гадах, зносіліся цягам дзесяці гадоў пасьля 1949-га.

Царква Пакрова Багародзіцы і манастыр базыльянаў у Воршы

Царква Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, 1941 год

Заснаваны ў 1642 годзе, мураваны будынак узьведзены ў 1758–74 гадах. Царква зруйнаваная ў 1969 годзе, жылы корпус манастыра перароблены пад жытло, цяпер закінуты.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Гайне

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, каля 1900 году

Заснаваны каля 1386 году, мураваны касьцёл збудаваны ў 1780-х, моцна пашкоджаны ў час Другой усясьветнай вайны савецкімі партызанамі, падарваны пасьля 1956 году.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Клецку

Фарны касьцёл, 1915 або 1916 год

Заснаваны ў 1450 годзе, мураваны касьцёл збудаваны не пазьней за XVI стагодзьдзе, узарваны ў 1950-я.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нясьвіскі замак, Мірскі замак і ня толькі. Якія гістарычныя аб’екты гарэлі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства культуры напісала ліст у БПЦ пасьля пэтыцыі пра «маскоўскія цыбуліны» на беларускіх цэрквах