Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракляцьце Гайны


У 1983 годзе галоўным гітом Савецкага Саюзу была песьня Эдуарда Ханка «Вы шуміце, бярозы». На верш Ніла Гілевіча. Я сам чуў нястройныя нецьвярозыя галасы падпітых мужыкоў у горадзе Горкім, якія спрабавалі цягнуць невядомыя і незразумелыя словы пра духмяны пракос. Прычым, як гэта заўжды бывае з народнымі шлягерамі, ні кампазытара, ні аўтара верша ніхто не запамінаў.

Ніл Гілевіч - вучань 7 класа Гайненскай школы
Ніл Гілевіч - вучань 7 класа Гайненскай школы

Тая песьня нават увайшла ў анэкдот часоў гарбачоўскай барацьбы з алькагалізмам. Спачатку да Міхаіла Сяргеевіча прыходзяць украінцы. І просяць адмяніць для Ўкраіны сухі закон. Маўляў, украінцы не такія ўжо піякі, як расейцы. На што генсек адказвае: «Ведаю я вас. Як вып’еце, дык адразу «Распрагайце, хлопцы, коней та лягайце спачываць». Затым да Гарбачова прыходзяць беларусы з той жа просьбай. А кіраўнік Саюзу ім: «Ведаю я вас. Крыху вып’еце, і адразу „А я лягу-прылягу“. А хто ж працаваць будзе?»

У гэтым анэкдоце песьня выступіла ў якасьці беларускай народнай. У 90-я гады старую песьню зусім па-новаму прасьпяваў Данчык. Без найгранай шыракадушнасьці, але з пачуцьцём сьветлага суму. Бліжэй да Гілевічавай паэзіі.

Я гэтую старую песьню ўзгадаў у Гайне. У мястэчку, дзе Ніл Гілевіч вучыўся ў школе. І дзе ў школьным музэі ёсьць экспазыцыя, прысьвечаная свайму паэту. Музэй, дарэчы, арганізавала настаўніца матэматыкі. Тамара Кохан.

— Усе гэтыя кніжкі ім падараваныя. А вось унікальная фатаграфія. Лета 30-га году. Вясельле ў Слабадзе. Вось сядзіць маці. Гэта лета. А ў верасьні народзіцца Ніл Сымонавіч. Ён тут прысутнічае. Але ў жываце.

А песьню я ўзгадаў, гледзячы малюнак гайнаўскага школьніка, які скапіяваў старую карціну Напалеона Орды.

Дзе старую Гайну зусім не пазнаць. Таму што на пагорку, на высокім кургане, бачны на ўсё навакольле, стаіць барочны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. А сам пагорак быў калісьці брацкай магілай герояў Аршанскай бітвы 1514 году. Тамара Кохан праводзіла сваё дасьледаваньне.

— Ёсьць вэрсіі, што многіх воінаў пахавалі тут. У войску ВКЛ было шмат татар. А татары на Лагойшчыне былі паселеныя яшчэ Вітаўтам. Род Барана, род Куніцы, род Арла. І тыя татары, што загінулі пад Оршай, пахаваныя таксама тут. І ад таго часу ў нас жывуць Бараноўскія, Куніцкія, Арлоўскія. У Гайне і ваколіцах.

На падлозе ляжыць некалькі старых цаглін і кавалак жалезнай агароджы. Усё, што засталося ад велічнага касьцёла. Храм спачатку ўзарвалі партызаны, а пасьля вайны дабілі калгасныя ўлады.

— Гэтая цэгла, зь якой пабудаваны касьцёл, рабілася тут, на месцы. Гэта кавалак агароджы. Нядаўна памёр адзін мужык, які лазіў туды і шукаў золата. У крыпту. Суседзі яго вырашылі напужаць. Накінулі прасьціны, сталі на выхадзе і закрычалі: «Пакладзі, што ўзяў!» Назаўтра ў гэтага чалавека рот набок скрывіўся. Жыў тут адзін стары татарын. І той татарын яго вылечыў. Дый то казаў: «Каб ведаў, за што перакрывіла, дык не лячыў бы ні за што».

Валянцін
Валянцін

Стары гайнавец Валянцін памятае і як разбуралі храм, і хто разбураў.

— Язэп Дульчык. Старшыня калгасу. Ён узрываў. Памятаю, там быў падвал. І ляжаў чалавек. Зусім сухі.

У Валянціна знайшоўся здымак 56 году. Дзе зьнявечаны касьцёл яшчэ стаіць. Праз тры гады ад яго не застанецца нічога. Цікава, што верш пра пагорак — высокі курган напісаны быў у 54-м. Нават калі паэт пісаў пра абстрактны пагорак, ён ня мог не ўспамінаць самы маляўнічы пагорак Гайны.

Кажуць, што па навакольлі ходзіць прывід нейкай чорнай жанчыны. Нават пры сьвятле дня касьцёльная гара выглядае жудасна. З-за паваленых надмагільляў.

Недалёка ад гары мы разгаварыліся зь яшчэ адной старажылкай Гайны. Якая была ахрышчана ў тым касьцёле.

— Я памятаю, як ён стаяў. Прыгожы, высокі. Яго партызаны ўзрывалі. Каб немцы там не заселі. Памятаю — бацька мой казаў: «Дурні злажылі, разумныя не разарвуць». Разы два закладалі ў касьцёл узрыўчатку. І толькі кавалак сьцяны з боку вырвалі. А пасьля людзі сталі разьбіраць па цагліне. Сабе на печкі.

Між тым жанчыны разгаварыліся пра гайнаўцаў, якія сышлі з гэтага жыцьця. Я быў уражаны доўгім пералікам маладых людзей. Але самае жудаснае, што гаворка вялася толькі пра самагубцаў. Тамара мяне агаломшыла лічбай суіцыдаў.

— Пры маёй памяці сышло чалавек сорак. Ня два, ня тры і ня пяць. Такі маштаб. Двое ў пажылым узросьце. Былі хворыя, пабаяліся цяжкага канца. А маладзейшых настолькі многа, што... Ёсьць такія, каму было і трыццаць гадоў, і дваццаць, і сямнаццаць. Усякія. І гэта Гайна. У іншых вёсках такога няма. У Слабадзе, адкуль Ніл Гілевіч, не было такіх выпадкаў.

40 самагубстваў за сорак гадоў. Менавіта і толькі ў Гайне. У суседніх вёсках нічога падобнага няма. І гэтая статыстыка нідзе не фігуруе. Але як гэта рацыянальна растлумачыць?

Ня так даўно на месцы ўваходу ў касьцёл былі пастаўлены крыжы. Адзін у памяць аб храме, другі ў гонар герояў Аршанскай бітвы. Можна ня верыць. Але самагубствы з тае пары спыніліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG