Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібрыд готыкі і хрушчоўкі. Каталікі Бабруйску дамагаюцца разбурэньня савецкай прыбудовы да касьцёла


Ацалелая частка касьцёла з прыбудаваным адміністрацыйным корпусам
Ацалелая частка касьцёла з прыбудаваным адміністрацыйным корпусам

У Бабруйску збанкрутаваная арганізацыя «БабруйскБудКамплект» ня можа прадаць адміністрацыйны будынак, якім у савецкі час замаскавалі касьцёл, зьнішчыўшы ягоны фасад.

Няўдалыя спробы ўладальніка збыць будынак мясцовыя каталікі расцэньваюць як знак таго, што змаганьне за сьвятыню можа вырашыцца на іхную карысьць. Вернікі патрабуюць, каб пяціпавярховую прыбудову зьнесьлі і далі ім магчымасьць аднавіць гістарычны выгляд сьвятыні.

У Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў будынак касьцёла ня трапіў.

З гісторыі бабруйскага касьцёла

  • Пабудавалі касьцёл Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў 1906 годзе ў нэагатычным стылі на ахвяраваньні вернікаў. Ён стаў адзінай каталіцкай сьвятыняй, узьведзенай у ХХ стагодзьдзі на ўсходзе Беларусі.
  • У 1935 годзе бальшавікі закрылі касьцёл. Будынак прыстасавалі пад сельскагаспадарчую выставу. Затым выкарыстоўвалі як збожжасховішча ды склад.
Архіўнае фота. Вербная нядзеля ў бабруйскіх каталікоў. Іх працэсія абыходзіць ня толькі храм, але і прыбудову
Архіўнае фота. Вербная нядзеля ў бабруйскіх каталікоў. Іх працэсія абыходзіць ня толькі храм, але і прыбудову
  • У 1941-м з дазволу нацысцкай акупацыйнай улады сьвятыню вярнулі вернікам;
  • У 1946-м савецкая ўлада зноў закрыла касьцёл. У будынку месьціўся філіял краязнаўчага музэю, архіў ды кіналекторый;
  • У 1963 годзе да касьцёла прыбудавалі адміністрацыйны корпус будаўнічага трэста. Ім зьнішчылі фасад і вежы храма. Ацалелую яго частку прыстасавалі пад клюб прадпрыемства.

55 гадоў замест фасаду — савецкі пяціпавярховік

Цяпер ацалелая частка храма разам з прыбудовай — адзіны комплекс. Месьціцца ён у цэнтры Бабруйску на вуліцы Кастрычніцкай, 121. Каб верніку трапіць на службу, яму спачатку трэба мінуць прыбудаваны дом.

У 2017 годзе ўладальніка адміністрацыйнага корпусу, акцыянэрнае таварыства «БабруйскБудКамплект», Эканамічны суд Магілёўскай вобласьці прызнаў банкрутам. Арганізацыя прадае маёмасьць, каб разьлічыцца з крэдыторамі. Асноўныя зь іх – Міністэрства фінансаў і «Беларусбанк». Крэдыторская запазычанасьць «БабруйскБудКамплекту» – 37,9 мільёнаў рублёў. Усімі акцыямі таварыства валодае Міністэрства архітэктуры.

Каб увайсьці ў касьцёл, трэба мінуць адміністрацыйны корпус будаўнічай арганізацыі
Каб увайсьці ў касьцёл, трэба мінуць адміністрацыйны корпус будаўнічай арганізацыі

Апошні раз «БабруйскБудКамплект» спрабаваў збыць будынак, які хавае касьцёл, 24 верасьня. Прадаць яго за 376 тысяч рублёў не ўдалося. Калі крэдытораў не зацікавіць прапанова ўзяць будынак на пакрыцьцё даўгоў, тлумачыць конкурсны кіраўнік «БабруйскБудКамплект» Арцём Жукоўскі, то яго паспрабуюць перадаць на балянс камунальных службаў гораду, якія і будуць вырашаць, што зь ім рабіць. Калі тое адбудзецца, службоўца пэўнага адказу ня даў.

Ксёндз бабруйскага касьцёла: хочацца верыць уладзе

16 кастрычніка 1989 году Бабруйскі гарсавет пастанавіў бязвыплатна перадаць частку будынка, у якім храм, вернікам, і праз год такую дамову падпісалі. Разам з тым афармленьне ўгоды да канца не давялі, бо, як вынікала з адказу на зварот вернікаў з Магілёўскага аблвыканкаму, не ўдалося адшукаць ранейшага ўладальніка будынка храма. Цяпер сьвятыня ў камунальнай уласнасьці.

Ксёндз бабруйскага касьцёла Андрэй Яркавец спадзяецца, што прыбудова пяройдзе ў гарадзкую ўласнасьць і гарвыканкам прыме рашэньне на карысьць аднаўленьня адзінай у горадзе каталіцкай сьвятыні. Ён кажа, што існуе адпаведная дамоўленасьць з кіраўніцтвам адміністрацыі гораду.

Андрей Яркавец (справа) з дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім у бабруйскім касьцёле
Андрей Яркавец (справа) з дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім у бабруйскім касьцёле

«Вядома ж, хочацца верыць уладзе», — заўважае сьвятар і дадае, што цяпер парафіі не прапануюць выкупіць прыбудову, на якую ў яе няма грошай.

«Найлепшае для нас выйсьце — дэмантаж гэтага будынка, — удакладняе Андрэй Яркавец. — Але гэта можа адбыцца толькі пасьля таго, як будзе ліквідаваная арганізацыя, якая валодае будынкам».

На яго думку, вырашэньня праблемы варта чакаць не раней, чым празь пяць гадоў. Пасьля зносу прыбудовы пэўны час пойдзе на аднаўленчыя работы.

Касьцёл застаецца пад пагрозай разбурэньня

Сьвятар непакоіцца, каб касьцёл дастаяў да свайго аднаўленьня. Ён кажа: калі ўзводзілі прыбудову, то не парупіліся пра ліўневую каналізацыю. Вада падчас залеваў зьбягае да сьвятыні і размывае яе падмурак. Акрамя таго, на сьценах праступае вільгаць, бо ацалелая частка храма не на сонечным баку і таму не пасьпявае прасыхаць.

У ацалелай частцы храма ладзяць службы
У ацалелай частцы храма ладзяць службы

У 2017 годзе, каб прысьпешыць вырашэньне пытаньня з прыбудовай, каталікі зьвярталіся ў Бабруйскі гарвыканкам. Пад лістом да чыноўнікаў яны сабралі 500 подпісаў. Чаканьні вернікаў, што гарвыканкам прапануе варыянты разьвязаньня праблемы, былі марнымі. Пісалі каталікі і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Ім адказалі з Магілёўскага аблвыканкаму і таксама без канкрэтыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG