Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкасьць Горадні заклікала аднавіць Фару Вітаўта


Фара Вітаўта ў Гародні

Гарадзенец Аляксандар Зімін апублікаваў у сацсетках зварот да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і міністра культуры — аднавіць у Горадні ўзарваную савецкімі ўладамі ў 1961 годзе Фару Вітаўта. За некалькі дзён пад зваротам падпісаліся звыш 150 чалавек.

Аляксандар Зімін нагадвае Аляксандру Лукашэнку і міністру Сьвятлову, што Фара Вітаўта — знакавы храм ня толькі для Горадні, але і для ўсёй Беларусі, як полацкая Сафія. Паводле Зіміна, Фара Вітаўта — несправядліва страчаны гістарычны сымбаль народу, і аднаўленьне храма ў Горадні стане для ўсіх беларусаў, а таксама і нашых нашчадкаў, прыкладам таго, што мы здольныя выпраўляць памылкі гісторыі і шанаваць памяць продкаў.

Зімін сказаў Свабодзе, што Горадня з аднаўленьнем сьвятыні набудзе зусім іншы выгляд, а гэта можа паўплываць і на яе турыстычную прывабнасьць.

— Цяпер на месцы Фары Вітаўта стаіць помнік, які абʼядноўвае дзьве рэлігіі, і гэта добра. Але будзе справядліва ў адносінах да тых людзей, хто будаваў храм — аднавіць яго. Я прывожу сюды турыстаў з-за мяжы, і яны заўсёды задаюцца пытаньнем — што гэта за помнік? А потым пытаюцца — чаму нельга аднавіць храм? Ведаеце, я сам карэнны гарадзенец, люблю свой горад, і мяне гэтыя пытаньні глыбока закранулі, бо я ніяк ня мог на іх адказаць.

Зімін прапаноўвае наладзіць па гэтым пытаньні грамадзкія слуханьні, і калі грамадзкасьць падтрымае прапанову, абвясьціць збор сродкаў на аднаўленьне Фары Вітаўта.

Гарадзенскі гісторык, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, камэнтуючы для Свабоды грамадзкую ініцыятыву, згадвае, што з прапановай аднавіць Фару Вітаўта выступаў яшчэ ў 1992 годзе, калі быў удзельнікам раскопак на месцы ўзарванага храма. Паводле яго, храм быў архітэктурнай дамінантай цэнтру гістарычнай часткі гораду, на яго былі завязаныя ўсе вуліцы, кампаноўкі, прасторавыя арыенціры. Ён цалкам падтрымлівае новую грамадзкую ініцыятыву.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

— І ня менш значна тое, што гэта сымбаль. Камуністы яго разбурылі, а незалежная беларуская дзяржава і грамадзкасьць гэта павінны аднавіць. Гэта магло б стаць, як было ў Празе, калі аднаўлялі сабор сьвятога Віта. Кожны чэх уносіў хоць па кроне на аднаўленьне храма, і гэта абʼядноўвала нацыю. Чаму б не зрабіць такое ў нас?

Краўцэвіч кажа, што варта гаварыць пра тое, каб аднавіць увесь гістарычны цэнтар Горадні — і ратушу, і палац Радзівілаў, і іншую гістарычную забудову.

— Вельмі важна рабіць гэта ў комплексе. Зразумела, што хутка не атрымаецца. Няхай гэта расьцягнецца на гады, але важна гэта рабіць. Нават калі напачатку будуць толькі макеты. Але людзі павінны бачыць гэта і імкнуцца вярнуць гораду страчаную гісторыю.

На сёньняшні дзень пад зваротам Зіміна падпісалася звыш 150 чалавек. Ён мае намер зьбіраць подпісы яшчэ два тыдні.

Так выглядае Фара Вітаўта на макеце гарадзенскага краязнаўцы Ігара Лапехі
Так выглядае Фара Вітаўта на макеце гарадзенскага краязнаўцы Ігара Лапехі

— У нас складаецца такая тэндэнцыя, што людзі пішуць у камэнтарах — маўляў, ня ў гэтай краіне і ня ў гэты час. Але я бачу, што помнікі ў Беларусі ўсё ж аднаўляюцца, проста трэба больш настойлівасьці. І калі я дашлю ўладам ліст зь некалькімі тысячамі подпісаў, то гэта будзе выглядаць інакш, чым калі б там было толькі сто подпісаў.

Каталіцкі храм, вядомы пад назвай Фара Вітаўта, быў збудаваны напрыканцы XIV стагодзьдзя. У ХІХ стагодзьдзі царскія ўлады перабудавалі яго ў галоўны праваслаўны храм губэрні. У міжваенны час, калі Горадня апынулася пад Польшчай, храм ізноў перабудавалі ў касьцёл. Ён ацалеў і падчас Другой сусьветнай вайны, але 29 лістапада 1961 году савецкія ўлады ўзарвалі яго.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG