Ухваленьне Сталіна расейцамі пабіла гістарычны рэкорд, — «Левада-цэнтар»

Жанчына з «іконай Сталіна» на дэманстрацыі 1 траўня 2012 году ў Маскве, ілюстарцыйнае фота

70% расейцаў лічаць, што Сталін меў станоўчую ролю ў гісторыі, 51% ставяцца пазытыўна да асобы Сталіна агулам.

Найбольшы за час дасьледаваньняў узровень падтрымкі савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна зафіксаваў расейскі «Левада-цэнтар», перадае РБК.

Ад 2001 году да апытаньня, праведзенага ў Расеі ў сакавіку 2019-га, заставаліся прыблізна на адным узроўні адсоткі людзей, якія агулам ставіліся да Сталіна з захапленьнем (4% у апошнім апытаньні) і сымпатыяй (6%). Але значна вырасла колькасьць людзей, якія ставяцца да Сталіна з павагай (скачок з 28-30% у 2012–2018 гадах да 41% у апошнім апытаньні).

Каля дзесяці гадоў таму падскочыла з 19% да 37% (цяпер упала да 26%) колькасьць расейцаў, якія ставяцца да Сталіна абыякава. Паступова падала колькасьць тых, хто ставіўся да Сталіна з раздражненьнем (з 18-19% у 2001–2006 гадах да 6% цяпер), страхам (з 15-16% да 5%), агідай і нянавісьцю (з 5-9% да 3%).

Таксама цяпер 18% апытаных расейцаў ацанілі ролю Сталіна ў жыцьці іхнай краіны як «цалкам станоўчую», а 52% як «хутчэй станоўчую», 14% як «хутчэй нэгатыўную» і 5% як «рэзка нэгатыўную». Зь цягам часу колькасьць тых, хто бачыць ягоную ролю пазытыўна, таксама расьце.

Мужчына цалуе іншую «ікону Сталіна», Масква, 21 сьнежня 2015 году

Расьце і колькасьць тых, хто лічыць мільёны ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў апраўданымі. Каля дзесяці гадоў таму 60% апытаных лічылі, што іх ніяк нельга апраўдаць, 24% — што можна ў нейкай ступені, а колькасьць упэўненых апраўдальнікаў была ў межах статыстычнай хібнасьці. У 2019 годзе толькі 45% казалі, што сталінскія рэпрэсіі ніяк нельга апраўдаць, 33% — што можна апраўдаць у нейкай ступені, 13% упэўнена заявілі, што сталінскія рэпрэсіі можна апраўдаць.

Больш за іншых з павагай да Сталіна ставяцца тыя расейцы, якія галасавалі на прэзыдэнцкім выбары нават не за камуніста Паўла Грудзініна, а за лідэра ЛДПР Улідзіміра Жырыноўскага. Узровень падтрымкі асобы і дзеяньняў Сталіна прыблізна роўны між камуністамі і прыхільнікамі Ўладзіміра Пуціна.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна