Дэпутатцы Канапацкай адмовіліся паказаць дакумэнты на знос крыжоў у Курапатах

Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Ва ўрочышчы Курапаты, дзе ад раніцы 4 красавіка дэмантуюць і звозяць крыжы па пэрымэтры мэмарыялу, ужо пачалі ўсталёўваць агароджу — мэталічную сетку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў, 15 абаронцаў затрымалі. Фота, відэа, камэнтары

Апоўдні ў Курапаты прыехала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Яна мяркуе, што адбываецца парушэньне правоў і інтарэсаў грамадзянаў, якія маюць права на ўшанаваньне памяці забітых, але хоча даведацца, ці адбываецца проста хуліганства, ці рэалізацыя афіцыйных загадаў, якія можна абскардзіць.

У міліцыянтаў яна спытала, ад каго тая ахоўвае грамадзкі парадак: парушаюць парадак крыжы, якія тут стаяць, ці людзі, якія знаходзяцца ва ўрочышчы. Яна адзначыла, што без дазволу Міністэрства культуры нельга было праводзіць такія работы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лясгас патлумачыў знос крыжоў у Курапатах: «Выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды»

Мірановіч сыходзіць ад прэсы

Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся тлумачыць Канапацкай сытуацыю, на ейныя пытаньні адказаў «Ну і што», адаслаў дэпутатку ў прэс-цэнтар. Яна спрабавала пагутарыць зь ім, але той адыходзіў ад яе ў бок лесу.

Паказаць дакумэнты на работы ён адмовіўся, хоць абавязаны, а будаўнічыя работы без адпаведных дакумэнтаў незаконныя. Канапацкая адзначыла, што «няведаньне законаў не вызваляе ад адказнасьці».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка адзначыў, што работы могуць сапраўды адбывацца незаконна і без дакумэнтаў, але фактычна адбываюцца «пад прыкрыцьцём міліцыі».