У Лідзе пасьля трэніроўкі ў цяжкай атлетыцы памёр школьнік

Ілюстрацыйнае фота

У Лідзе, у філіяле Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву, памёр навучэнец 10-й клясы аддзяленьня цяжкай атлетыкі Андрэй Дараховіч, паведаміла прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Як адзначаецца, хлопцу стала кепска пасьля плянавай трэніроўкі. Выклікалі «хуткую», аднак, нягледзячы на дапамогу мэдыкаў, выратаваць яго не ўдалося.

Па факце сьмерці Андрэя Дараховіча праводзіцца сьледзтва.

У кастрычніку 2018 году ў вёсцы Лудчыцы (Магілёўская вобласьць) на ўроку фізкультуры памёр трэцяклясьнік Ягор Бабашка. У яго была прыроджаная анамалія будовы сэрца. Хлопчыку за два гады да сьмерці выставілі дыягназ «Сындром WPW».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У вясковай школе на ўроку фізкультуры памёр вучань

Двойчы яго забірала «хуткая дапамога» са школы, бо на ўроках станавілася кепска. Лекары прапісалі Ягору займацца фізкультурай у падрыхтоўчай групе, а перад навучальным годам класьціся ў шпіталь. Але ў жніўні 2018 году ў Магілёўскай абласной лякарні вырашылі перанесьці шпіталізацыю на сьнежань, бо ў стане здароўя дзіцяці ня выявілі пагаршэньня. Праз два месяцы Ягор памёр.

Пасьля здарэньня была заведзеная крымінальная справа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць на бягу. Чаму дзеці гінуць на ўроках фізкультуры і як ад гэтага засьцерагчыся

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці памерлага на ўроку фізкультуры школьніка пазнаёмілі з ходам расьсьледаваньня пасьля публікацыі Свабоды