З барысаўскіх Печаў уцёк салдат. Яго ня могуць знайсьці ўжо тыдзень

Вайсковая частка ў Печах, архіўнае фота

Пра лёс салдата тэрміновай службы Аляксандра Неўмяржыцкага нічога не вядома з 19 сакавіка, пошукі працягваюцца.​ Інфармацыю аб зьнікненьні з часткі салдата тэрміновай службы пацьвярджаюць у Міністэрстве абароны.

«Родам зь Лельчыцкага раёну (салдат. — РС), шукалі з сабакамі і нават зьвярталіся да варажбітак, — першым паведамленьне пра зьнікненьне Неўмяржыцкага зьявілася ў тэлеграм-канале NEXTA . — Але інфармацыі пра яго месцазнаходжаньне да гэтага часу няма. Кажуць, яшчэ на выходных 23.02 і 8.03 ён прыяжджаў дадому ў звальненьне за адзнакі па службе, і нішто не прадказвала бяды».

Інфармацыю пра зьнікненьне салдата зь Печаў пацьвердзілі ў Мінабароны. Паводле афіцыйнага прадстаўніка ведамства Ўладзімера Макарава, пошукі працягваюцца. Заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Самавольнае пакіданьне часткі альбо месца службы».

Ці мае пры сабе Аляксандар Неўмяржыцкі зброю, не ўдакладняецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?