Sunday Times паведаміла пра «змову» міністраў супраць Тэрэзы Мэй

Ня менш за 11 міністраў брытанскага кабінэту маюць намер у панядзелак запатрабаваць адстаўкі прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй у сувязі з сытуацыяй, якая склалася вакол абмеркаваньня умоваў выхаду Брытаніі з ЭЗ. Пра гэта паведамляе газэта The Sunday Times.

Паводле дадзеных выданьня, міністры маюць намер запатрабаваць ад Мэй добраахвотна падаць у адстаўку. Найбольш верагодным яе наступнікам на пасадзе прэм’ера называюць Дэйвіда Лідынгтана, які цяпер узначальвае сакратарыят кабінэту міністраў.

Як паведамляе газэта, Мэй ставяць у віну, акрамя няздольнасьці пераканаць парлямэнт у неабходнасьці ўхваліць пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ, таксама шэраг яе выказваньняў на мінулым тыдні, якія многімі дэпутатамі парлямэнту і камэнтатарамі былі ўспрынятыя як канфрантацыйныя.

На пасаду прэм’ера, паводле дадзеных газэты, могуць прэтэндаваць і іншыя вядомыя кансэрватары, напрыклад кіраўнік МЗС Джэрэмі Гант і міністэр у справах навакольнага асяродзьдзя Майкл Гоўв.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 красавіка, 22 траўня або ніколі? Разьбіраем магчымыя даты Брэксыту

Напярэдадні ў Лёндане сотні тысяч праціўнікаў Брэксыту (паводле дадзеных арганізатараў — мільён) правялі марш з патрабаваньнем паўторнага рэфэрэндуму аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы брытанцаў выйшлі на вуліцы. Яны патрабуюць новага рэфэрэндуму аб Brexit

Эўразьвяз на гэтым тыдні пагадзіўся зь пераносам даты Брэксыту з 29 сакавіка на 12 красавіка. Яна можа быць зноў перанесеная, калі брытанскі парлямэнт ухваліць пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ, якое ён раней двойчы адхіліў (у гэтым выпадку Брэксыт адбудзецца 22 траўня), або калі Брытанія да 12 красавіка пагодзіцца на правядзеньне на сваёй тэрыторыі выбараў у Эўрапарлямэнт у канцы траўня. У гэткім выпадку Брэксыт можа быць адтэрмінаваны да канца году.