Больш за 40 чалавек загінулі ў выбуху на кітайскім хімзаводзе

Ратавальнікі на пажары пасьля выбуху на заводзе Tianjiayi, 22 сакавіка

Вядома пра 47 загінулых і 640 параненых у выбуху на заводзе на ўсходзе Кітаю. Пацярпелі таксама дзеці зь дзіцячага садка побач.

На хімічным заводзе Tianjiayi ў індустрыяльным парку ў горадзе Янчэнь, што на ўсходзе Кітаю, а трэцяй гадзіне ночы 22 сакавіка, перадае Reuters. Пажар перакінуўся на суседнія заводы.

Пра здарэньне паведаміла ў тым ліку дзяржаўная тэлевізія, а прэзыдэнт Кітаю Сі Цзіньпін, які ў той час быў зь візытам у Італіі, заклікаў прыкласьці ўсе намаганьні, каб клапаціцца пра параненых і «падтрымліваць сацыяльную стабільнасьць», а таксама каб высьветліць прычыны і прадухіліць падобныя здарэньні ў будучыні.

На момант публікацыі афіцыйна паведамлялася пра 47 загінулых, 640 параненых, зь якіх 32 у крытычным стане. Надзвычайнай канцэнтрацыі небясьпечных хімікатаў у раёне выбуху ня выяўлена.

Прычыны выбуху высьвятляюцца, але кампанія, якой належыць завод, вырабляе больш за 30 арганічных хімічных рэчываў, некаторыя зь якіх лёгка запальваюцца — і кампанію раней штрафавалі за парушэньне правілаў бясьпекі працы.

Цяпер улады правінцыі Цьзянсу, дзе адбылася катастрофа, абяцаюць правесьці інспэкцыі хімічных заводаў і закрыць прадпрыемствы, якія не адпавядаюць нормам бясьпекі. Кітайцы, як сьцьвярджае Reuters, даўно абураліся здарэньнямі на вытворчасьцях, ад пажараў на заводах да абвалаў на шахтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі пры выбуху ля хімічнага заводу загінулі 22 чалавекі