Партыя «Справядлівы сьвет» вырашыла ісьці на прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары

Сяргей Калякін, архіўнае фота

Лідэр левай партыі «Справядлівы сьвет» (да 2009 году — Партыя камуністаў беларуская) Сяргей Калякін заявіў на прэс-канфэрэнцыі 17 сакавіка ў Менску, што партыя мае намер удзельнічаць у будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах, піша БелаПАН.

Як заявіў Сяргей Калякін, партыя ўжо рыхтуецца да ўдзелу ў выбарчых кампаніях. На пытаньне аб тым, ці будзе левымі сіламі сфармаваная нейкая кааліцыя накшталт правацэнтрысцкай, ён не азказаў адназначна: маўляў, «ня верыць у посьпех правага альянсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1391 і 462 рублі. Партыя «Справядлівы сьвет» патрабуе павысіць сярэдні заробак і пэнсію

«Мы вядзем кансультацыі, але пакуль праз тое, што рэальных выбараў у Беларусі няма, у нашай партыі даволі вялікая колькасьць людзей ня лічаць правільным уваходзіць у нейкія альянсы, — сказаў Калякін. — Таму што мы нічога не атрымаем на выхадзе».

Калякін тлумачыць: любы альянс — гэта неабходнасць узгадненьня сваіх пазыцыяў з пазыцыямі іншых партыяў, «якія не заўсёды супадаюць», а тое ў сваю чаргу вядзе да страты прыхільнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калякін: Папулярнасьць левай ідэі ў сьвеце расьце

Але ня ўсе ў партыі супраць альянсаў, дадаў ён. Канчатковы адказ мае быць у канцы красавіка, «калі ўсё ж такі нам, можа быць, абвесьцяць, якія выбары калі будуць».

Паводле беларускіх законаў, прэзыдэнцкія выбары маюць прайсьці не пазьней за 30 жніўня 2020 году, а выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазьней за 10 верасьня 2020 году. Ды можна чакаць, што адну з кампаніяў правядуць ужо ў 2019 годзе: старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына прапанавала правесьці нейкія з выбараў 1 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мусяць прайсьці як сьвята». Лукашэнка заявіў пра два гады выбарчых кампаніяў