«Як гэта ня хоча здаваць?» У горадзенскіх школьнікаў на ўроках пачалі забіраць мабільныя тэлефоны

Скрынка для здадзеных на час уроку тэлефонаў у гімназіі

Новыя правілы пачалі дзейнічаць у горадзенскай гімназіі імя Яўхіма Карскага. У дзяцей перад урокам забіраюць тэлефоны, дазваляюць карыстацца імі толькі на перапынках.

Як стала вядома Свабодзе, новаўвядзеньне пачало працаваць з пачатку сакавіка.

Правілы карыстаньня мабільнымі тэлефонамі зьявіліся на сайце гімназіі. Яны датычаць як вучняў, так і настаўнікаў і іншых супрацоўнікаў навучальнай установы.

Сьцісла

  • у будынку гімназіі выклік павінен быць толькі ў вібрарэжыме або вельмі ціхі;
  • карыстацца тэлефонам падчас урокаў забаронена. Лічыць на ім, напрыклад, як на калькулятары, можна, але толькі з дазволу настаўніка;
  • на перапынках вучні могуць званіць толькі бацькам або іншым родным дзеля «апэратыўнай сувязі» і «толькі ў выпадках абгрунтаванай і неадкладнай неабходнасьці»;
  • настаўнікам па-за ўрокамі таксама ня раяць карыстацца тэлефонам у прысутнасьці вучняў;
  • у гімназіі і побач зь ёй варта размаўляць па тэлефоне ціха і коратка, каб не перашкаджаць іншым;
  • здымаць на тэлефоны фота і відэа можна толькі з дазволу пэдагогаў і таго, хто трапляе ў кадар;
  • нельга прапагандаваць праз мабільнік жорсткасьць, гвалт, парнаграфію, песьні і вершы з лаянкай;
  • забаронена наўмысна наносіць шкоду іміджу гімназіі;
  • нельга зараджаць у гімназіі мабільны тэлефон ад электрасеткі.

Горадзенская гімназія імя Яўхіма Карскага

Што будзе, калі нехта парушыць правілы?

На парушальніка складуць дакладную запіску. Вучню будзе пагражаць папярэджаньне, запіс у дзёньніку, паведамленьне, выклік бацькоў у школу, заўвага, вымова.

Калі гімназіст моцна парушыць правілы, настаўнік або гімназічнае кіраўніцтва могуць забраць у яго тэлефон і аддаць толькі бацькам.

Ва ўнутраных правілах ёсьць спасылка на артыкул 126 Кодэксу аб адукацыі.

Дырэктар: «Перашкаджаюць на ўроках»

Дырэктар горадзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Яўхіма Карскага Барыс Сяброўскі сказаў, што правілы карыстаньня мабільнымі тэлефонамі прыняла апякунская рада гімназіі, у якую ўваходзяць бацькі вучняў. Ініцыятыва належыць самой установе, рэкамэндацый «зьверху» не было.

Прычына забароны карыстацца мабільнікамі — «перашкаджаюць на ўроках, адцягваюць увагу дзяцей».

Як патлумачыў Барыс Сяброўскі, у клясах на стале настаўніка стаяць адмысловыя скрынкі з нумарамі. Перад пачаткам уроку школьнік кладзе туды свой тэлефон, а пасьля ўроку можа забраць. Настаўніку таксама нельга размаўляць праз тэлефон падчас уроку. Свой гаджэт ён можа пакласьці ў тую самую скрыню або проста на стол.

Тэлефоны зьбіраюць у скрыні перад урокам і аддаюць на перапынках

На пытаньне, што будзе з тымі, хто не захоча здаваць свае тэлефоны, дырэктар гімназіі запэўніў, што ў іх такога не бывае.

«Як гэта ня хоча? Правілы ўнутранага распарадку ён (вучань) павінен выконваць па Статуце гімназіі. У нас такіх выпадкаў няма і ня будзе», — сказаў Сяброўскі.

Па словах дырэктара, бацькі гімназістаў ведаюць пра новаўвядзеньне.

Мінадукацыі: «Рашэньне прымае адміністрацыя школы»

Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала Свабодзе, што рашэньне, ці можна карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў школе, прымае адміністрацыя школы.

«Ва ўсіх краінах Эўразьвязу даўно гэта зрабілі. І ніхто не абураецца. Дазваляецца карыстацца тэлефонам ці айфонам у тым выпадку, калі ён неабходны для навучальнага працэсу», — сказала Людміла Высоцкая.

Юрыст: «Нормы не грунтуюцца на заканадаўстве»

Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк сказаў Свабодзе, што дакумэнт (правілы карыстаньня мабільнымі тэлефонамі) сумнеўны зь некалькіх прычын:

  1. зь яго не відаць, калі ён прыняты і кім;
  2. там напісана, што правілы распаўсюджваюцца на супрацоўнікаў гімназіі, але дакумэнт чамусьці стварае абавязкі для вучняў;
  3. заканадаўства не забараняе ствараць ва ўстанове адукацыі ўнутраныя правілы, але гэтыя правілы павінны быць прынятыя і аформленыя належным чынам і не павінны супярэчыць заканадаўству.

Аляксей Казьлюк

Напрыклад, нормы, па якіх адміністрацыя можа забіраць тэлефоны ў вучняў, хай нават і часова, не грунтуюцца на заканадаўстве. У кодэксе аб адукацыі няма такіх дысцыплінарных спагнаньняў, як часовае адбіраньне маёмасьці. Паводле артыкула 128 Кодэксу аб адукацыі, да дысцыплінарных спагнаньняў адносяцца заўвага, вымова і адлічэньне.

Калі казаць пра адбіраньне маёмасьці (тэлефонаў) як прафіляктыку, то ў Кодэксе аб адукацыі няма нічога пра прафіляктыку парушэньня лякальных нарматыўных актаў, а да прафіляктыкі злачынстваў і правапарушэньняў гэта ня мае дачыненьня.

Карыстацца тэлефонамі дзецям забараняюць і за мяжой

Мабільныя тэлефоны забараняюць ня толькі беларускім школьнікам. Як піша Tut.by, імі нельга карыстацца прынамсі ў школах Нямеччыны і Францыі. Некаторыя настаўнікі гэтаксама перад заняткамі зьбіраюць тэлефоны ў скрыню і ставяць яе так, каб дзіця бачыла. Калі ў францускай школе дзіця ўключыць мабільны тэлефон, то яго забяруць і аддадуць толькі бацькам.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы супраць палітыкі прэзыдэнта?» Менскія школьнікі запісалі на відэа, як іх заганяюць у БРСМ