Памёр Жарэс Алфёраў, нобэлеўскі ляўрэат беларускага паходжаньня

Жарэс Алфёраў, здымак 2010 году

Ва ўзросьце 88 гадоў памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы Жарэс Алфёраў.

Фізык памёр у ноч на 2 сакавіка ў шпіталі Санкт-Пецярбургу, паведаміла «РИА Новости» жонка фізыка Тамара.

У апошнія месяцы інфармацыя пра стан здароўя Алфёрава была супярэчлівай. Вядома, што ў лістападзе ён патрапіў у шпіталь ці праз падазрэньне інсульту, ці праз гіпэртанічную хваробу.

Жарэс Алфёраў нарадзіўся ў 1930 годзе ў Віцебску. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў фізыцы (2000 г.) за разьвіцьцё паўправадніковых гітэраструктураў для высокахуткаснай оптаэлектронікі. Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі з 1995 году, віцэ-прэзыдэнт Расейскай акадэміі навук у 1991-2017 гадах.

Летась Украіна забараніла ўезд на сваю тэрыторыю Алфёраву, бо ён «наўмысна неаднаразова незаконна перасякаў дзяржаўную мяжу Ўкраіны пры ўезьдзе на акупаваную тэрыторыю Аўтаномнай Рэспублікі Крым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жарэс Алфёраў: Алексіевіч — віншую, беларуская мова — мая, а Быкава я ведаў асабіста