Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскі ляўрэат Жарэс Алфёраў: пасьля 1991 году расейскую мову выгналі са школаў Беларусі


Жарэс Алфёраў, архіўнае фота
Жарэс Алфёраў, архіўнае фота

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў фізыцы Жарэс Алфёраў, які мае беларускае паходжаньне, у інтэрвію парталу «Изборский клуб» заявіў, што пасьля 1991 году расейскую мову ў Беларусі «выгналі са школаў».

На пытаньне журналіста, ці варта лічыць 7 лістапада сьвятам, Алфёраў адказаў наступнае:

«Несумненна. Мяне цешыць, як ставіцца да дасягненьняў савецкага часу Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Пасьля 1991 году ў Беларусі прайшла такая ж рабаўнічая прыватызацыя, як і ў Расеі, расейскую мову выгналі са школаў».

Насамрэч паводле Закону аб адукацыі 1991 году асноўнымі мовамі навучаньня былі беларуская і расейская мовы. А вывучэньне беларускай, расейскай і адной з замежных моваў было абавязковым.

Алфёраў таксама кажа, што герб і сьцяг Рэспублікі Беларусі спачатку капіявалі сымболіку Беларускай Народнай Рэспублікі, і «дзень яе абвяшчэньня абвясьцілі дзяржаўным сьвятам — Днём незалежнасьці».

Тымчасам дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка ніколі не лічыўся ў сучаснай Беларусі Днём незалежнасьці. З 1991 па 1996 год Дзень незалежнасьці Беларусі адзначаўся 27 ліпеня, у гадавіну абвяшчэньня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР у 1990 годзе.

Жарэс Алфёраў нарадзіўся ў 1930 годзе ў Віцебску. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў фізыцы (2000 г.) за разьвіцьцё паўправадніковых гітэраструктураў для высокахуткаснай оптаэлектронікі. Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ ад КПРФ, віцэ-прэзыдэнт Расейскай акадэміі навук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG