Экспэрты Свабоды: Лукашэнка рыхтуе зьмены ў Канстытуцыю, але ня кажа, якія

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі будзе пры ўладзе — і яшчэ 10 галоўных тэзаў з выступу Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслава паслаць у калгас, жанчынам — зьняць штаны. 33 ЦЫТАТЫ Лукашэнкі зь «Вялікай размовы». У карцінках

Цыганкоў: Лукашэнка рыхтуецца да транзыту ўлады

Аналітык Свабоды Віталь Цыганкоў зьвярнуў увагу на тры галоўныя тэзісы ў адказе Аляксандра Лукашэнкі журналісту Радыё Свабода Валянціну Жданко.

  1. «На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць». То бок Лукашэнка заяўляе, што ня будзе прэзыдэнтам да канца жыцьця. Тут няма чаго камэнтаваць. Застаецца толькі паверыць.
  2. Лукашэнка заявіў, што сваім сынам перадаваць уладу ён таксама не зьбіраецца.
  3. Ужо рыхтуюцца зьмены ў Канстытуцыю. І гэта справа «не пяці гадоў», а значна карацейшага тэрміну. Відавочна, цяперашні кіраўнік Беларусі вельмі пільна рыхтуецца да варыянту транзыту, пераходу ўлады.

Карбалевіч: Лукашэнка нешта хавае — або сам не разумее, чаго хоча

Валер Карбалевіч мяркуе, што адзіная вартая ўвагі палітычная навіна, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі 1 сакавіка, — гэта інфармацыя пра тое, што рыхтуецца прыняцьце новай Канстытуцыі:

«Пакуль, праўда, незразумела, у якім кірунку яна павінна мяняцца. Камэнтары Лукашэнкі вельмі цьмяныя. Ці то нешта хавае, ці то пакуль сам не разумее, чаго хоча».

Дракахруст: Гэта вельмі падобна да праектаў Назарбаева і Аліева

Аналітык Свабоды Юры Дракахруст камэнтуе адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне Свабоды.

«Першае — не зусім зразумела. Гэта не ад яго залежыць, у пэўным сэнсе. Ці вызначыў для сябе нейкі тэрмін, калі сыдзе?

Другое — колькі разоў казалася адваротнае. Можа, жартам. А можа, жартам гаварылася сёньня, што дзеці ня пойдуць у прэзыдэнты.

Даволі дзіўны аповед пра зьмену Канстытуцыі — маўляў, даў загад судзьдзям Канстытуцыйнага суду. Гэта не юрыдычнае, а палітычнае рашэньне, судзьдзі павінны атрымаць заданьне, як трэба мяняць Канстытуцыю. Сам Лукашэнка ў 1996 годзе, калі прадстаўляў праект Канстытуцыі, сказаў — яго аўтар перад вамі. І ў палітычным сэнсе гэта так і было. І так і ёсьць.

Пытаньне — як бы Лукашэнка хацеў памяняць Канстытуцыю? Намёкі наконт пераразьмеркаваньня ўлады вельмі падобныя да праектаў Назарбаева і Аліева».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць, — Лукашэнка адказаў на пытаньне Свабоды