«Заробак менш за 600 рублёў — гэта няправільна», — першы віцэ-прэмʼер

Мэдыянныя заробкі ў Беларусі за лістапад 2018 году

Тэма рэгіянальнага разьвіцьця вельмі важная — тут адзначаецца нераўнамернасьць разьвіцьця, праблемы з занятасьцю і заробкамі. Пра гэта заявіў 27 лютага першы віцэ-прэмʼер Беларусі Аляксандар Турчын, адкрываючы паседжаньне Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, піша Tut.by.

«Па пэўным раёнам усё ня вельмі добра. Заробак менш 600 рублёў — гэта няправільна», — сказаў Турчын і акрэсьліў, што трэба:

  • актывізаваць існуючы бізнэс на тэрыторыі гэтых раёнаў;
  • актывізаваць і прыцягнуць туды бізнэс з буйных гарадоў.

Турчын зьвярнуў увагу, што ў краіне 115 датацыйных раёнаў.

«То бок эканамічная эфэктыўнасьць блізкая да нуля», — сказаў Турчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траціна раёнаў Беларусі жывуць пераважна на датацыі, выдаткі падвышаюцца

Сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Жанна Тарасевіч адзначыла, што мікрапрадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі складаюць каля 87% дробнага бізнэсу. Паводле яе, на мікрапрадпрыемствах не ідзе гаворкі пра інавацыйнасьць працоўных месцаў, бо там 3-4 супрацоўнікі.

Тарасевіч адзначыла, што апошнім часам у Беларусі зарэгістраваліся каля 15,4 тысяч самазанятых грамадзян. Яна зьвярнула ўвагу на праблему «сацыяльнага ўтрыманства», а таксама, што «моладзь з раёнаў зьяжджае і разьвіваць бізнэс няма каму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічба дня: колькі «дармаедаў» засталося ў Беларусі