Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траціна раёнаў Беларусі жывуць пераважна на датацыі, выдаткі падвышаюцца


Мапа долі даходаў у мясцовых бюджэтах у 2016 годзе

Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала (PDF) бюлетэнь пра выкананьне мясцовых бюджэтаў. Хоць доля ўласных даходаў у мясцовых бюджэтах складае 78,8% ад усіх даходаў, БелаПАН зьвяртае ўвагу: са 118 раёнаў у 37 уласныя сродкі складаюць менш за 40% — астатняе ў бюджэты прыходзіць з датацыяў. Яшчэ 50 раёнаў забясьпечваюць сябе на 40-59%.

Мясцовыя бюджэты вырасьлі ў кожнай вобласьці ў параўнаньні зь 2015 годам: рост ад 3,3% па Гомельскай вобласьці да 12,2% па Берасьцейскай вобласьці.

Раённыя бюджэты даволі неаднолькавыя: самы малы ў Расонскім раёне — 14,5 млн рублёў, а самы вялікі ў Менскім — у 12 разоў большы, 176,2 млн рублёў. Бюджэт Менску (3 млрд рублёў) у 8,6 раза большы за бюджэт Гомелю (350,3 млн) і ў 60 разоў большы за бюджэт Жодзіна (49,9 млн), самага «беднага» гораду Беларусі. Самы «багаты» сельсавет — Астрашыцка-Гарадоцкі Менскага раёну (1,4 млн), самы «бедны» — Лапаціцкі Слаўгарадзкага раёну (23,2 тысячы рублёў).

Асноўныя выдаткі зь мясцовых бюджэтаў — на адукацыю (4 млрд сумарна), ахову здароўя (3,44 млрд), жыльлёва-камунальныя паслугі і будаўніцтва (2,26 млрд). Зь іх амаль дзьве пятых ідзе на заробкі работнікам.

Міністэрства эканомікі ў 2015 годзе канстатавала, што дзейнасьць мясцовых органаў «у мабілізацыі і эфэктыўным выкарыстаньні наяўных рэсурсаў» для падвышэньня дабрабыту насельніцтва «недастаткова арганізаваная». Цягам 2015-2016 гадоў праблема датацыйнасьці мясцовых бюджэтаў ня раз падымалася як экспэртамі, так і дзяржаўнымі органамі. На нізкую фінансавую самастойнасьць раёнаў у 2016 годзе зьвяртаў увагу тагачасны памочнік Лукашэнкі Кірыла Руды ў кнізе «Фінансавая дыета».

XS
SM
MD
LG