Эстонскую рэспубліку абвясьцілі за месяц да БНР. У 1940 годзе СССР акупаваў краіну. Незалежнасьць Эстоніі была адноўленая ў 1991-м.
На сайце прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі апублікаванае віншаваньне з Днём незалежнасьці Эстоніі, скіраванае да прэзыдэнткі Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд. Лукашэнка пажадаў эстонскаму народу міру і росквіту.
«Шматгадовы досьвед добрасуседзтва нашых краінаў, пабрацімскія сувязі гарадоў і рэгіёнаў, трывалыя гуманітарныя і чалавечыя кантакты будуць і далей служыць надзейным падмуркам для палітычнага дыялёгу і ўмацаваньня гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня», — гаворыцца ў звароце.
Першая Эстонская Рэспубліка была абвешчаная 24 лютага 1918 году – за месяц да абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (якую Эстонія пазьней прызнала незалежнай, наладзіла дыпляматычныя стасункі). Незалежнасьць давялося бараніць у бітвах з Чырвонай арміяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Sõber» і «сябар». Што аб'ядноўвае эстонцаў і беларусаўЛукашэнка не віншуе беларусаў са сьвятам, зьвязаным з падзеямі тых дзён. Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі не адзначаецца на дзяржаўным узроўні, але адзначаецца незалежнай грамадой як Дзень Волі. Летась Лукашэнка казаў, што прыйшоў да высновы: «ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна выканала».
Але і іншая гадавіна, зьвязаная зь беларускай дзяржаўнасьцю, практычна не адзначалася на дзяржаўным узроўні: 100-годзьдзе Савецкай Беларусі прайшло непрыкметна. На афіцыйным узроўні Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаецца 3 ліпеня – у дзень, калі савецкія войскі вызвалілі Менск ад нямецкіх войскаў у Другую сусьветную вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 датаў, калі можна адзначаць Дзень Незалежнасьці Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў незалежнасьць галоўным дасягненьнем і засьцярог ад перапісваньня гісторыі