Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары #БНР101 папрасілі дапамогі: трэба прыдумаць лягатып і «фірмовы стыль»


Суполка грамадзянскай кампаніі #БНР101, якая арганізавала «Сьвята Незалежнасьці» 25 сакавіка 2018 году, папрасіла дапамогі для падрыхтоўкі аналягічнага сьвята ў 2019-м.

Сьвяточным імпрэзам, якія зьбіраюцца правесьці ў Менску ў нядзелю, 24 сакавіка, патрэбныя лягатып і «фірмовы стыль», якія будуць выкарыстаныя ў імпрэзах і ў іншых гарадах.

«Досьвед #БНР100 паказаў, што гэта вельмі важна і дазваляе такім чынам аб’яднаць шматлікія ініцыятывы, — пішуць арганізатары. — Вызначаныя лягатып і фірмовы стыль будуць разьмешчаныя для шырокага неабмежаванага выкарыстаньня, а іхныя аўтары атрымаюць народнае прызнаньне».

Зрабіць гэтыя стыль і лягатып трэба да канца студзеня. Аўтарам не гарантуюць узнагароды, але дапускаюць, што можа быць кампэнсацыя выдаткаў з грашовага фонду, які напаўняецца праз краўдфандынг — у фінансаваньні сьвята прапануюць паўдзельнічаць усім ахвочым на Talaka.by і праз іншыя шляхі.

Галоўныя сымбалі — нацыянальныя герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг (рок-гімн ужо запісалі). Фірмовы стыль і лягатып маюць падкрэсьліваць тое, што Дзень Волі — «адзін з галоўных дзён у новай гісторыі Беларусі, зьвязаны з пачаткам фармаваньня сучаснай беларускай дзяржаўнасьці». Мае ўжывацца беларуская мова, ключавыя словы — традыцыі, спадчына, пэрспэктывы, разьвіцьцё, імкненьне наперад.

Прапановы і чарнавікі просяць прысылаць да 20 студзеня на адрас dzienvoli2019@gmail.com або абмяркоўваць з адным з арганізатараў сьвята, заснавальнікам «Арт-сядзібы» і крамы Symbal.by Паўлам Белавусам.

Для «Сьвята Незалежнасьці» ў 2018 годзе быў распрацаваны свой лягатып.

Эмблема сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР
Эмблема сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG