Мэркель у Мюнхэне: Паскораны вывад войскаў ЗША з Сырыі ўзмацніць ролю Расеі і Ірану

Ангела Мэркель.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што паскоранае вывядзеньне войскаў ЗША з Сырыі рызыкуе ўзмацніць ролю Расеі і Ірана на Блізкім Усходзе.

Выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі 16 лютага, Мэркель паставіла пад сумнеў, што такія пляны Злучаных Штатаў зьяўляюцца «добрай ідэяй».

Яна таксама выказалася супраць верагоднага вываду войскаў ЗША з Аўганістану, заявіўшы, што місія NATO у гэтай краіне залежыць ад падтрымкі амэрыканскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель: ЭЗ не зацікаўлены ў поўным разрыве сувязей з Масквой

Акрамя таго, нямецкая лідэрка заклікала Пэкін далучыцца да працэсу міжнароднага раззбраеньня разам з Расеяй і ЗША. Раней у гэтым месяцы Злучаныя Штаты абвясьцілі пра выхадзе з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, заявіўшы, што Расея яе парушае. Але Вашынгтон таксама занепакоены тым, што дамова абмяжоўвае амэрыканскае ўзбраеньне ў Азіі, але не абмяжоўвае яго для Кітая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мюнхэнская канфэрэнцыя: Парашэнка і Столтэнбэрг абмеркавалі агрэсію Расеі

«Раззбраеньне — гэта тое, што тычыцца ўсіх нас, і дзе мы, вядома, будзем рады, калі б такія перамовы былі праведзены ня толькі паміж ЗША, Эўропай і Расіяй, але і з Кітаем», — сказала Мэркель.

З 15 лютага і ў выхадныя ў Мюнхэне праходзіць канфэрэнцыя ў справе бясьпекі. Лідэры дзяржаў і арганізацый абмяркоўваюць, як умацаваць сусьветную бясьпеку ва ўмовах узброеных канфліктаў, у тым ліку — ва Ўкраіне.

Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД

ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.

  • Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
  • Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.