Ухвалены Палатай прадстаўнікоў праект бюджэту перадалі на подпіс Трампу

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, кантраляваная дэмакратамі, усьлед за Сэнатам зацьвердзіла праект бюджэту ўраду да верасьня бягучага года. За прыняцьце дакумэнта выказаліся 300 заканадаўцаў, 128 — прагаласавалі супраць.

Законапраект прадугледжвае выдаткаваньне больш за 300 мільярдаў даляраў на фінансаваньне працы цэлага шэрагу міністэрстваў і ведамстваў. У той жа час патрабаваньне Трампа аб выдзяленьні амаль шасьці мільярдаў даляраў на будаўніцтва сьцяны на паўднёвай мяжы так і не было задаволена. На ўстаноўку агароджы на мяжы з Мэксыкай закладзены менш за паўтара мільярда даляраў.

Праект бюджэту перададзены на подпіс прэзыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпіша кампрамісны дакумэнт і абвесьціць надзвычайнае становішча, — Белы Дом

У Белым доме раней заявілі, што Дональд Трамп падпіша законапраект аб фінансаваньні фэдэральнага ўраду і ўвядзе надзвычайнае становішча ў краіне для атрыманьня сродкаў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.

У канцы сьнежня з прычыны рознагалосься паміж Трампам і дэмакратычнай большасьцю Кангрэса адносна праекта бюджэту на 2019 год была прыпыненая праца ўраду. Шатдаўн працягваўся 35 дзён і стаў самым доўгім у гісторыі ЗША. 25 студзеня Белы дом і Кангрэс ЗША дамовіліся пра кароткатэрміновыя аднаўленьні фінансаваньня дзейнасьці ўраду, заключыўшы пагадненьне да 15 лютага.