Старшыню рады Хэрсонскай вобласьці абвінавацілі ў забойстве актывісткі

Кацярына Гандзюк пасьля нападу

Старшыні абласной рады Хэрсонскай вобласьці Ўкраіны Ўладзіславу Мангеру вылучылі абвінавачваньне ў арганізацыі забойства актывісткі Кацярыны Гандзюк. Пра гэта паведаміў генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка.

Паводле абвінавачаньня, Мангер арганізаваў забойства, «кіруючыся асабістай непрыязьзю, якая ўзьнікла ў сувязі з актыўнай грамадзкай дзейнасьцю Гандзюк па пытаньнях процідзеяньня незаконным высечкам лясоў пад прыкрыцьцём штучных падпалаў і іншай незаконнай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выканаўцу забойства Шарамета так і ня вызначылі, — генэральны пракурор Украіны

Напярэдадні Мангера выключылі з партыі «Бацькаўшчына».

Кацярына Гандзюк — былая памочніца мэра Хэрсону і антыкарупцыйная актывістка. У канцы ліпеня 2018 гаду ў Хэрсоне ёй плюхнулі ў твар канцэнтраваным растворам кіслаты: дзяўчына атрымала хімічны апёк 30% цела. Яна доўга лячылася ў Кіеўскім апёкавым цэнтры, ёй зрабілі 11 апэрацый. Але нягледзячы на ўсе намаганьні, яна памерла ў пачатку лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандэра — імя героя, а ня лаянка». Віцэ-сьпікерка ўкраінскага парлямэнту скрытыкавала паліцыю