Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бандэра — імя героя, а ня лаянка». Віцэ-сьпікерка ўкраінскага парлямэнту скрытыкавала паліцыю


Акцыя ў Кіеве 9 лютага, на якой затрымалі актывістаў

Першая намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка назвала неадэкватнымі дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзей у Кіеве 9 лютага.

«Паліцыя павінна абараняць грамадзкі парадак. Але яе дзеяньні да мітынгоўцаў былі неадэкватнымі. І вядома, мы чакаем ад новых паліцыянтаў і новай маралі. Ва Украіне Бандэра — гэта імя ўкраінскага героя, а ня лаянка. Асабісты склад сілавых структур павінен гэта ведаць», — напісала Герашчанка ў фэйсбуку 10 лютага, паказваючы на эпізод, калі адзін з паліцыянтаў выгукнуў «кладзіся, Бандэра» падчас затрыманьня актывістаў.

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) 9 лютага пачало крымінальную вытворчасьць па факце магчымых неправамерных дзеяньняў паліцыі падчас затрыманьня ўдзельнікаў акцыі ў цэнтры Кіева, паведаміла першая намесніца старшыні ДБР Вольга Варчанка.

На акцыі 9 лютага пратэстоўцы патрабавалі расьсьледаваць справу аб забойстве антыкарупцыйнай актывісткі з Херсону Кацярыны Гандзюк. Улетку 2018 году невядомы мужчына плюхнуў дзяўчыне ў твар кіслатой. Пасьля некалькіх месяцаў лячэньня ў апёкавым цэнтры яна памерла ў бальніцы. У датычнасьці да замаху актывісты падазраюць функцыянэраў партый вядучых кандыдатаў у прэзыдэнты — Юліі Цімашэнкі і Пятра Парашэнкі.

Паліцыя затрымала актывістаў, якія прыйшлі на сустрэчу Цімашэнкі з выбарнікамі ў Кіеве і разгарнулі там плякат «Хто замовіў Кацю Гандзюк?» Сярод іх таксама былі прыхільнікі нацыяналістычнага руху C14. Да аддзелу паліцыі, куды адвезьлі затрыманых, прыйшлі іх паплечнікі, пасьля чаго адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Карыстальнікі сацсетак абвінавацілі паліцэйскіх ў празьмерным ужываньні сілы, параўнаўшы іх дзеяньні з разгонам Майдану ў 2013 годзе.

Паліцыянты сьцьвярджаюць, што актывісты першыя ўжылі сілу і што ў затрыманых знайшлі кастэты і газавыя балёнчыкі. Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў абвінаваціў «штабы палітыкаў» у тым, што яны «пасылаюць адно на аднаго баевікоў», не назваўшы канкрэтных імёнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG