Інцыдэнт адбыўся каля гадзіны ночы 10 лютага недалёка ад Астраўца. «Дачка напісала, што перасекла мяжу, — цытуе TUT.BY маці адной з пасажырак аўтобуса. — А потым патэлефанавала і сказала, што аўтобус выехаў на сустрэчную паласу, зьехаў у кювэт і перакуліўся».
Па словах жанчыны, ніхто не загінуў, аднак некаторыя пасажыры атрымалі пашкоджаньні, ёсьць падазрэньне на пералом.
Як пазьней расказаў БелаПАН дырэктар кампаніі Ecolines, якая ладзіла рэйс, у аўтобусе былі 38 чалавек (з улікам кіроўцы), зь іх ніхто не атрымаў цяжкіх траўмаў. Паволе ДАІ, ранкі і парэзы атрымалі 17 чалавек — ад шпіталізацыі ўсе адмовіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відавочцы: на трасе Менск — Горадня адбылося жудаснае ДТЗ з маршруткай. АбноўленаНеўзабаве пасьля інцыдэнту частку пасажыраў забрала «хуткая», цяпер яны знаходзяцца ў бальніцы Астраўца. Тыя пасажыры, які не атрымалі траўмаў, каля 4 раніцы выехалі ў Менск на іншым аўтобусе, а 6.35 раніцы даехалі.
Паводле афіцыйнай інфармацыі ДАІ, аварыя адбылася на 19-м кілямэтры аўтадарогі Газа — Астравец — Ашмяны, інфармуе БелаПАН. Папярэдне ўстаноўлена, што на прамым участку дарогі, дзе добрая бачнасьць, аўтобус па невядомай пакуль прычыне выехаў спачатку на сустрэчную паласу, потым на абочыну.
Пасьля ДТЗ апэратыўна на месца аварыі прыбылі экіпажы ДАІ, якія аказалі першую дапамогу пацярпелым. Ужо некалькі хвілін пазьней тут знаходзіліся «хуткія» і ратавальнікі. Супрацоўнікамі дарожнай міліцыі на 31-гадовага кіроўцу быў складзены пратакол.
Як расказаў дырэктар Ecolines, іхны аўтобус, які трапіў у ДТЗ, быў тэхнічна спраўным, але кампанія праводзіць службовае расьсьледаваньне.