Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відавочцы: на трасе Менск — Горадня адбылося жудаснае ДТЗ з маршруткай. Абноўлена

абноўлена

Фота з Фэйсбуку Валера Мінца
Фота з Фэйсбуку Валера Мінца

(Абноўлена) На трасе М6 Менск-Горадня маршрутны аўтобус уехаў у бэтонную агароджу. У выніку аварыі загінулі двое пасажыраў: 66 — гадовая жанчына памерла на месцы, 71 — гадовы мужчына — у бальніцы.

Кіроўца і 13 пасажыраў маршруткі, сярод якіх 11-гадовая і пяцігадовая дзяўчынкі, з траўмамі рознага характару шпіталізаваныя, паведамляе Сьледчы камітэт.

Паводле дадзеных сьледзтва, аварыя адбылася 18 кастрычніка каля 19.40. 46-гадовы жыхар Горадні, кіруючы маршрутным таксі Mercedes-Benz на 74-м кілямэтры аўтадарогі «Менск-Горадня», сутыкнуўся з разьдзяляльным бэтонным плотам.

Па выніках сьледзтва Валожынскі раённы аддзел СК завёў у дачыненьні кіроўцы маршруткі крымінальную справу паводле ч.3 арт.317 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць двух чалавек»). Кіроўцу пагражае ад 3 да 7 год пазбаўленьня волі.

Пра аварыю Свабодзе паведаміў увечары 18 кастрычніка відавочца Валер Мінец. Мікрааўтобус ехаў зь Менску ў Горадню.​ Відавочца распавёў, што адна пасажырка пэнсійнага ўзросту загінула. Яна ехала разам з мужам і сядзела на крэсьле адразу за кіроўцам. Пасьля, у шпіталі, памёр яшчэ адзін мужчына. Астатнія пасажыры пацярпелі: перасоўвацца самастойна маглі сама меней трое чалавек, у тым ліку кіроўца. Вядома, што ў салёне была маленькая дзяўчынка, яна выжыла.

На трасе М6 працягваецца рэканструкцыя. Пэўныя ўчасткі дарогі, якія рамантуюць, аддзяляюць бэтоннымі агароджамі. Сутыкненьне адбылося на павароце ў тым месцы, дзе рух пераходзіць з адной паласы на другую. Кірунак руху быў абмежаваны такой агароджай.

«Я чуў размову міліцыянтаў, якія прыехалі. Па дэфармацыі кузава яны ацанілі хуткасьць маршруткі каля 120 км/г... У гэтым месцы абмежаваньне хуткасьці 50 км/г. Думаю, прычына аварыі ў тым, што ён перавысіў хуткасьць і пачаў манэўраваць», — расказвае Валер Мінец.

У фірме, якая займаецца перавозкамі пасажыраў на маршруце Менск — Горадня, не змаглі пацьвердзіць зьвестак наконт ДТЗ:

«Ніякай інфармацыі няма. Сувязі з кіроўцам таксама няма», — паведаміла дыспетчарка.

Пасьля рэканструкцыі М6 стане чатырохпалоснай магістральлю. Дарожныя плыні разьдзеляць не газонам, а бэтоннымі агароджамі. На трасе зьявяцца новыя разьвязкі, масты, пераходы для жывёлаў. На лясных участках пачалі нацягваць сетку, каб жывёлы ня выйшлі на дарогу. Работы плянуюць скончыць да канца сёлетняга году. Трасу рэканструююць за кошт сродкаў Сусьветнага банку і кітайскага крэдыту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG