Як у Беларусі ўвялі двухэтапную сыстэму вывазу сьмецьця. ВІДЭА

У Расеі перапрацоўваюць усяго каля 4% сьмецьця, ва Ўкраіне — 7%, піша «Настоящее время». Беларусь у гэтым паказчыку за няпоўныя 20 гадоў змагла ня толькі наблізіцца да Польшчы і краінаў Балтыі, але і абагнаць Партугалію і Гішпанію.

У 2018 годзе 19% бытавых адходаў у краіне былі арыентаваныя ў перапрацоўку, пры гэтым, паводле афіцыйных зьвестак, кожны трэці жыхар краіны сартуе сваё сьмецьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як у Беларусі перапрацоўваюць сьмецьце

Асобны збор сьмецьця ў Беларусі сталі актыўна папулярызаваць ў 2017 годзе: відэа зь лёзунгам «Наш клопат, а не янота» нават стала вірусным. Аднак маштабная інфармацыйная праца пачалася яшчэ 3-4 гады таму.

«Гэта яшчэ маленькі тэрмін для таго, каб у людзей ва ўсіх пакаленьнях зьявілася ўсьвядомленасьць, — кажа Натальля Блышчык, спэцыялістка ў адходах і хімічнай бясьпецы Цэнтру экалягічных рашэньняў. — А вось маладое пакаленьне і дзеці ўжо разумеюць, навошта гэта рабіць, чаму ёсьць тры розныя кантэйнэры і навошта трэба сьмецьце разьдзяляць».

Першыя кантэйнэры для паасобнага збору паперы, плястыку і шкла камунальнікі паставілі яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў, але тады экспэрымэнт аказаўся няўдалым.

Па словах Натальлі Балышчык, дзяржаўныя органы аптымістычна думалі, што паставяць кантэйнэры для шкла, плястыку і паперы і чацьвёрты для зьмяшанага сьмецьця — і людзі кінуцца ўсё гэта разьдзяляць. Але гэтага не адбылося, таму што не была праведзена інфармацыйная праца, лічыць спэцыяліст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штогод у Менску ўтвараецца больш за 1 млн тонаў сьмецьця. Што зь ім рабіць

У рознакаляровыя кантэйнэры паляцела ўсё запар, пасьля чаго вырашылі ўжыць двухэтапную сыстэму вывазу сьмецьця:

  • адна машына забірае з трох кантэйнэраў шкло, паперу і плястык (і ўсё гэта потым сартуюць на спэцыяльных заводах);
  • другая машына забірае ўсё астатняе сьмецьце і вывозіць яго на сьметнік.

Cьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону "Трасьцянецкі". 2017 год

Цяпер вывазам сьмецьця ў Беларусі займаюцца і прыватныя, і дзяржаўныя кампаніі.

«За 2018 год выкарыстоўвалі каля 19% адходаў — гэта прамая перапрацоўка: гэта значыць, што з адходаў мы атрымліваем у далейшым новую прадукцыю. У разьвітых краінах гэты адсотак таксама ня вельмі вялікі — каля 25-30%. Далейшае выкарыстаньне дасягаецца за кошт прымяненьня ў энэргетыцы і кампаставаньня», — распавядае Натальля Грынцэвіч, кіраўнік ДУ «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

З пачатку 2000-х гадоў у беларускіх дварах паставілі каля 90 тысяч спэцыяльных кантэйнэраў для асобнага збору сьмецьця.

Cьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону "Трасьцянецкі". 2017 год

Для офісаў, устаноў і прамысловых вытворчасьцяў стварылі асобную працэдуру. Калі арганізаваць збор адходаў сваімі сіламі ў нейкай кампаніі няма магчымасьці, трэба заплаціць унёсак у фонд, які займаецца разьвіцьцём нацыянальнай сыстэмы перапрацоўкі. Калі ж бізнэс утылізуе паперу, шкло і плястык самастойна, то ўладальнікі кампаніі атрымліваюць з гэтага фонду кампэнсацыю за кожную тону сабранага сьмецьця.

Беларусь можа некаторым постсавецкай краінам паказаць прыклад таго, як можна разьвівацца, упэўнена Натальля Блышчык. «Самы яскравы прыклад — стварэньне апэратара, які рэгулюе абыходжаньне з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Гэта ўнікальная і выдатная практыка, якую можна пераймаць іншым краінам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб пакупнікі вярталі скарыстаную тару, патрэбна 100 мільёнаў эўра

Колькасьць прыхільнікаў паасобнага збору сьмецьця ў Беларусі штогод расьце на 1-2%, але і сьмецьця на звалках зьбіраецца ўсё больш — у першую чаргу за кошт аднаразовай упакоўкі і танных плястыкавых прадуктаў. Таму з 2019 году ў краіне плянуюць, па-першае, спальваць частка адходаў, выкарыстоўваючы іх у якасьці паліва і кампосту.

А па-другое, увесьці дэпазытна-закладную сыстэму на шкляныя і плястыкавыя бутэлькі, а таксама на алюмініевыя бляшанкі з-пад алькагольных і безалькагольных напояў. За кожную такую ёмістасьць можна будзе атрымаць грошы, здаўшы яе ў тарамат — спэцыяльны аўтамат для тары, іх плянуюць паставіць у прадуктовых крамах.