«Крумкачоў» пад новай назвай дапусьцілі да ліцэнзаваньня ў першую футбольную лігу

Заўзятары «Крумкачоў», 2016 год

Футбольны клюб «НФК» паведаміў, што яго дапусьцілі да ліцэнзаваньня ў першай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. Дзеля гэтага «Крумкачам» прыйшлося ахвяраваць назвай.

Фармальна допуск да ліцэнзаваньня яшчэ ня значыць, што ліцэнзію дадуць, але клюб сьцьвярджаў, што перашкодай у ліцэнзаваньні быў канфлікт у назьве «з самім сабой»: старыя «Крумкачы» ўжо не гуляюць, але новыя — ня той самы клюб, а фармальна асобны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольны клюб «Крумкачы» зьмяняе назву

«Крумкачы» былі заснаваныя 20 сакавіка 2014 году. Каманда пасьлядоўна прайшла ўсе прыступкі: аматарскую другую лігу, паўпрафэсійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сэзон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі ў найвышэйшай лізе.

Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадзкіх адміністрацыяў, ні буйных прадпрыемстваў.

У 2018 годзе рашэньнем Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ) «Крумкачы» былі дыскваліфікаваныя з найвышэйшай лігі: менскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі за «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту — парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў і зрыў працэсу ліцэнзаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр — у БАТЭ, нападнік — у «Дынама-Менск». Куды разьляцеліся «Крумкачы»

У «Крумкачоў» зьмяніліся заснавальнікі, каманда пад назвай «НФК Крумкачы» заявілася ў другую лігу, заняла ў выніку сэзону другое месца і атрымала падвышэньне ў рангу. Але легалізавацца ў першай лізе, дзе патрабаваньні рэглямэнту больш жорсткія, чым у аматарскім футболе, аказалася ня так проста: клюб з такой назвай ужо існуе.

Клюб вырашыў зьмяніць назву, зьбіраў прапановы ад фанатаў, спыніўся на «НФК», што прапануецца расшыфроўваць як «Незвычайна фантастычная каманда».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У найвышэйшай футбольнай лізе Беларусі захацелі зьменшыць колькасьць клюбаў зь Менску